Фэстываль калядных ялінак (ЗША)
У 20-ы раз Музей амерыканска-мадзярскай фундацыі ў Нью-Бранўіку (Нью-Джэрсі) праводзіць фэстываль калядных ялінак. 7 снежня на яго ўрачыстае адкрыццё завіталі прадстаўнікі розных этнічных супольнасцяў, якія суладна жывуць у гэтым штаце. На таблічках пад ялінкамі пазначана: Амерыка, Беларусь, Мадзяршчына, Данія, Ірландыя, Італія, Латвія, Лацінская Амерыка, Польшча, Украіна, Фінляндыя, Харватыя, Шатландыя, Швецыя, Эстонія, Японія. Зялёныя дрэўцы аднаго росту ўсталявалі ў залях музею арганізатары імпрэзы, а ўжо аздабленне кожны прынёс сваё. І не было двух падобных! Беларусы ўпрыгожылі сваю ялінку саламянымі цацкамі. Майстэрства іх вырабу спыняла ўвагу многіх прысутных. У суседзяў-украінцаў дамінавалі мініяцюрныя вышытыя ручнікі-набожнікі, у латышоў – ваўняныя рукавічкі і тканыя паясы, у італьянцаў – гронкі вінаграду, амерыканская ялінка была прысвечана гісторыі краіны, таму лялькі мелі вопратку ў стылі першых пасяленцаў-еўрапейцаў або вайсковыя мундзіры, барабаны суседнічалі з папяровымі гірляндамі-ланцугамі. Цікава, што саломку як матэрыял для творчасці скарысталі таксама эстонцы і шведы. Першыя акцэнтавалі ўвагу на каласах – сонечных промнях, другія паставілі пад ялінкай магутнага саламянага аленя. На адкрыцці гучалі прамовы, адбыўся аматарскі канцэрт – пераважала народная музыка і традыйныя калядныя спевы, былі таксама салодкія пачастункі. Адначасова адкрылася выстава марак, прысвечаных Калядам і Новаму году. Беларусы і там засведчылі сваю прысутнасць. У каталагу падрабязна распавядаецца пра традыцыйную куццю, кісель, ламанцы… Запачаткавала калісьці ўдзел у гэтым фэстывалі ялінак спадарыня Галіна Русак. У апошнія гады сувязь з Фундацыяй трымае Серж Трыгубовіч. Сёлета яму дапамагала “вытрымаць стыль” спадарыня Надзя Запруднік. Ялінкі і маркі будуць экспанавацца да 25 студзеня 2009 году, асноўнымі наведнікамі музею ў гэты час будуць школьнікі, якіх такім чынам знаёмяць з рознанацыянальным складам іх роднай краіны. Паводле газеты “Беларус”