Трупа “Свабоднага тэатру” прыехала ўжо ў Сідней. 6 студзеня распачнецца турнэ беларускага незалежнага тэатру па гэтай краіне. Плануецца больш за 20 паказаў.
Летась у кастрычніку адну з аўстралійскіх акторак Эстэр Мугамбі, што паехала ў Мінск на запрашэнне “Свабоднага тэатру”, не пусцілі ў Беларусь. Паводле беларускіх памежнікаў яна знаходзілася ў спісе неўязных. “Свабодны тэатр” праз аўстралійскую мытню прайшоў без праблем. Акторы размесціліся ў Сіднеі ды рыхтуюцца да аўстралійскай прэм’еры. Як паведаміў Радыё Рацыя рэжысёр “Свабоднага тэатру” Уладзімір Шчэрбань, у Аўстраліі плануецца больш за 20 паказаў.
Сярод пастановак, якія пакажа беларускі “Свабодны тэатр”, - “Быць Гаральдам Пінтэрам”, прысвечаная славутаму драматургу, што пайшоў у іншы свет пры канцы 2008-га.
Падзяліўся Ўладзімір Шчэрбань і сваім меркаваннем адносна зменаў у Купалаўскім тэатры. Рэжысёра колісь адтуль звольнілі за супрацу з “Свабодным тэатрам”.
- Калі сам Пінігін не зменіцца, то і з тэатрам нічога не адбудзецца. Бо апошнія спектаклі Пінігіна – ніжэйшыя за яго ўласны ўзровень. Насцярожваюць і яго выказванні пра тое, што яму надакучыў тэатр і ён стаміўся. Сёння Купалаўскаму тэатру неабходны свежы малады энергічны рэжысёр, які бы знаходзіўся ў еўрапейскім кантэксце.
Паводле "Радыё Рацыя"