Зварот Епіскапа БАПЦ да вернікаў
Дастойнаму святарству і вернікам Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы.Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!Ужо болей за дзве тысячы гадоў, як адбылася падзея, якая змяніла ўвесь зямны свет, нават гісторыю чалавецтва падзяляем на час да Нараджэння Хрыстовага і – пасля Ягонага Нараджэння. Свята Калядаў – вялікая таямніца, бо непадуладны часу Бог стаў падобны да нас і прыйшоў у грэшны свет каб збавіць людзей ад граху, звольніць ад улады смерці. Таму падзея гэтая аб'яднала чалавека з Богам. Сын Божы і сын чалавечы – Хрыстос прыйшоў не змяніць законы Божыя, але прынёс нам разуменне неабходнасці любові і міласэрнасці да нашых блізкіх (і нават для ворагаў), што асабліва актуальнае і сёння.Каб збудаваць Уладарства Божае, -- мала верыць у існаванне Бога, нараджэнне Сына Божага, трэба кожнаму наблізіцца да Госпада, прыняць Яго да свайго сэрца, адказаць на Божую любоў сваёй любоўю да Яго і да людзей, паказваць сваю веру справамі. Таксама, як і для таго, каб існавала Вольная Бацькаўшчына, -- недастаткова разваліць савецкую імперыю зла, трэба каб Беларусь жыла ў душах беларусаў, тады можна зрабіць Вольнай краіну і шчаслівым яго народ.Жадаю беларусам на Бацькаўшчыне і тым, хто жыве на Чужыне, вясёлых Калядаў і шчодрага 2009-га Навалецця, каб каляднікі і шчадроўнікі не абміналі вашага памешкання, і каб Ласка Божая перабывала з Вамі і вашымі блізкімі. Хрыстос нарадзіўся! Слаўце Яго!З любоўю ды малітвамі+ СвятаслаўЕпіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі БАПЦКаляды 2008/2009.Паводле "Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы"