Сьвяточны зварот духоўнага лідэра беларусаў замежжа, апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў замежжа айца Аляксандра Надсана.
Недзе 20 гадоў таму таму назад, добра ня памятаю, Папа Ян Павал ІІ склікаў у Асізе, горадзе сьвятога Францішка, прадстаўнікоў усіх рэлігіяў, каб памаліцца за супакой на сьвеце. У прывітальным слове Папа зазначыў, што ўсе рэлігіі, ня толькі хрысьціянская, сьведчаць пра вышэйшую духоўную рэальнасьць, якая пераўзыходзіць рамкі гэтага сьвету. Далей аднак Папа прадаўжаў: “Сказаўшы гэта, я павінен з пакораю сьцьвердзіць, што імя Супакой ёсьць Ісус Хрыстос.”
Міжволі прыгадваецца беларускі сьвятар Кастусь Стэповіч, ён жа паэт Казімір Сваяк, які 60 гадоў раней, у 1925 годзе, за некалькі месяцаў да сваёй прадчаснай сьмерці ў вершы “Веру ня розуму проці” зь вялікай сымпатыяй, разуменьнем апісаўшы ранейшыя, дахрысьціянскія веравызнаньні беларусаў: Радаўніцу, Купальле, Дзяды, Каляды, паставіў пытаньне:
“А Хрыстос дзе?” - пытаецца з усьмешкай,
Бо не відаць, дзе ягонае месца тут.
І адказвае:
Ня будзе Сын Божы нам замешкай,
Бо толькі ён вядзе ў абсалют,
Бо толькі ён і праўда, і дарога,
Жыцьця бяду й сьмерць ён зваяваў.
І толькі ён пазнаў самога Бога,
І сьвету від ягоны паказаў.
Сказанае Янам Паўлам ІІ і Сваяком пераклікаецца са словамі сьвятога Апостала Паўла, які пісаў: шматразова й рознымі спосабамі некалі Бог прамаўляў да айцоў праз парог, а ў канцы з гэтых дзён ён прамовіў да нас праз сына, якога ўстанавіў спадкаемцам усяго й празь якога вякі стварыў.
Вось тры сьведчаньні пра Ісуса Хрыста, які зьяўляецца для нас аб'яўленьнем Бога й дарогаю да жыцьця. Ян Павал ІІ атаесамлівае яго з супакоем. Часта для нас супакой азначае адсутнасьць усялякай дзейнасьці, але гэта не сапраўдны супакой, гэта супакой магільны, запярэчаньне жыцьця. Сапраўдны супакой - гэта жыцьцё, гэта гарманічнае разьвіцьцё ўсяго нашага духоўнага патэнцыялу, дзеля дасягненьня апошняй і адзінай мэты - Бога, які мае поўню жыцьця, згодна са словамі сьвятога Аўгустына: “Стварыў ты мяне, Божа, і неспакойна сэрца маё, пакуль не спачне ў Табе”.
Згодна з евангельскім аповедам, пры нараджэньні Хрыста быў чутны сьпеў на небе: “Слава на вышыні Богу, супакой на зямлі, добрая воля сярод людзей”.
Сапраўдны супакой магчымы толькі пры наяўнасьці добрай волі, гэта значыць, пачуцьця добразычлівасьці да іншых, жаданьня ўсім дабра. Безь яе можам мець у найлепшым выпадку вонкавы парадак, заснаваны на сіле й страху, а дзе сіла й страх, там ужо адзін крок да злосьці й нянавісьці, якія супярэчаць супакою й зьяўляюцца прычынай усіх няшчасьцяў. Дык у гэты сьвяты дзень, калі мы прыгадваем прыйсьце на сьвет у целе Сына Божага, будзем маліць яго, каб ён у сваёй дабрыні даў пасяліцца ў сэрцах нашых ягонаму супакою, што перавышае ўсякае ўяўленьне й зьяўляецца асноваю сапраўднага шчасьця для людзей, як асабістага, так і грамадзкага.
Жадаю ўсім слухачом правесьці добра Сьвятыя Каляды й спаткаць Новы год!
Айцец Аляксандар Надсан