У Яраслаўлі адзначылі 10-годдзе "Сяброўства" (Расія)

У Яраслаўлі адзначылі дзесяцігоддзе расійска-беларускай рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Сяброўства”.

Мерапрыемствы з нагоды гэтай падзеі пачыналіся ў музеі М. Багдановіча ў Яраслаўлі выставай “Яраслаўская вобласць і рэгіёны Беларусі — насустрач адзін аднаму”. Наведвальнікі змаглі ўбачыць матэрыялы, прысвечаныя партнёрскім сувязям Расіі і Беларусі ў розных сферах: эканоміцы, адукацыі, культуры.У гарнізонным Доме афіцэраў адбыўся вечар “Сяброўства” сустракае сяброў”. У ім прынялі ўдзел супрацоўнікі пасольства Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, прадстаўнікі адміністрацыі Яраслаўскай вобласці, мэрыі Яраслаўля, ветэранскіх арганізацый горада. На святочным канцэрце з поспехам выступалі ансамбль беларускай песні “Крыніца”, дзіцячыя харэаграфічныя калектывы “Усмешка” і “Рабінушка”, парадавалі гледачоў юныя артысты, у выкананні якіх прагучалі вершы беларускіх паэтаў.Не выпадкова канцэрт называўся “Сяброўства” сустракае сяброў”: беларусаў прыйшлі павітаць прадстаўнікі іншых этнакультурных таварыстваў Яраслаўля: украінцы, азербайджанцы, палякі... Са сцэны былі зачытаны віншавальныя тэлеграмы ад беларусаў Рэспублікі Комі. Увогуле, вечар прайшоў у цёплай і сяброўскай атмасферы.

Паводле "Голаса Радзімы"