Сустрэча з былым амбасадарам ЗША (Канада)

"Менавіта цяпер вельмі важна, каб Беларусь захавала сваю незалежнасць, - сказаў былы амбасадар Злучаных Штатаў у Беларусі сп. Дэйвід Суорц (David Swartz) на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускае грамады ў Канадзе, што адбылася на пачатку снежня ў Таронта. Дыпламат падзяліўся сваімі думкамі адносна развіцця сённяшніх падзеяў у Беларусі ды Усходняй Еўропе.

Падчас сваёй размовы ў Беларускім грамадска-рэлігійным цэнтры сп. Суорц распавёў пра гады сваёй працы ў Мінску у 1992 - 1994 г.. Яму выпала нялёгкая, але надзвычай цікавая задача арганізацыі першай амерыканскай дыпламатычнай пляцоўкі на беларускай зямлі.

Сваю заангажаванасць у беларускіх справах былы дыпламат працягвае і цяпер. Сп. Суорц з'яўляецца ініцыятарам і адным з заснавальнікаў першага Цэнтру Беларусазнаўства ў ЗША ва ўніверсітэце штату Канзас. Цэнтар мае на мэце пашырэнне дапамогі беларускім навукоўцам, што прыяжджаюць для правядзення навуковых даследаванняў у ЗША, стварэнне цэнтралізаванай навуковай і архіўнай базы па Беларусі ў ЗША, пашырэнне ведаў пра Беларусь сярод шырокай амерыканскай грамадскасці. 

На заканчэнне сустрэчы сп. Суорц пажадаў беларускай грамадзе ў Канадзе поспехаў у справе захавання так багатай беларускай спадчыны у гэтым кутку Паўночнай Амерыкі.

Паводле сайта "Беларусы Канады" (www.belaruscanada.com)