Святкаванне 60-годдзя ЗБК

Гарадcкая Управа Таронта аполудні ў нядзелю 30 лістапада 2008 году была нашмат больш бел-чырвона-белая, чым заўсёды. Да канадскага кляновага ліста далучыліся бел-чырвона белыя палосы нашых шматлікіх штандараў. 

 

Найстарэйшая беларуская арганізацыя Паўночнай Амерыкі святкавала сваё 60-годдзе. Імпрэза сабрала шматлікіх сяброў арганізацыі, гасцей і тых, хто цікавіцца беларускім грамадзкім жыццём у Канадзе.  Прывітаннні да грамады прыйшлі ад Прэм'ер-Міністра Канады Стывена Харпера, беларускіх суполак за мяжой, арганізацыяў і шматлікіх прыватных асобаў. Радзіма адгукнулася змястоўным прывінаннем ад Згуртавання Беларусаў Свету "Бацькаўшчына".  Да паўнюткай залі з прывітальным словам звярнулася Станшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвілла, пасол Палаты Прадстаўнікоў канадыйскага Парламанту Борыс Вжэснеўскі. Мелі гонар таксама вітаць нашу дарагую госцю з Беларусі, вядомую пісьменніцу Вольгу Іпатаву.  "Па старонках беларускай гісторыі ў Канадзе" (такая была тэма асноўнака дакладу) прысутных правёў старшыня Галоўнае Управы арганізацыі Зміцер Элляшэвіч.  Падчас невялікага канцэрту аудыторыя доўгімі воплескамі дзякавала "Яваровым людзям" за высокі прафесіяналізм выканання народрых песень. Паказалі сябе і нашы маладыя таленты Міхась Шэмет і Каміла Кавалёва.  Змястоўная і цікавая выстава беларускага эмігранцкага друку прыцягнула увагу ўсіх прысутных. Дужа цікавымі былі нумары ўжо легендарнай газеты "Беларускі Эмігрант", часопіса "Зважай!". На экспазіцыйных сталах - беларускія кнігі, што выходзілі з таронтаўскага выдавецтва "Пагоня", вышываныя канадскімі беларускамі ручнікі, друкарка Кастуся Акулы - сапраўдны антыкварыят, як таксама і ягоная сумка з мантрэальскага ЭКСПО 67, з якою пісьменнік "бамбардаваў саветчыкаў" сваімі лістоўкамі ў жніўні 1967 году падчас Сусветнай выставы.  Доўга яшчэ пасля афіцыйнай праграмы гучала пад высокай столлю таронтаўскай "ратунды" родная мова...

Паводле сайта "Беларусы Канады" (www.belaruscanada.com)