Старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў уручаць прэмію Фонда Эберта (Германія)

Сёння ў Берліне адбудзецца ўручэнне штогадовай прэміі Фонду імя Фрыдрыха Эберта ў галіне правоў чалавека. Сёлета ўзнагарода прысуджаная старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жане Літвіной.

Чакаецца, што з урачыстай прамовай выступіць прэм'ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург Маціас Плацэк.

"Гэтай прэміяй адзначаны шматгадовы ўклад спадарыні Літвіной у адстойванне правоў і свабод журналістаў, а ўсё гэта з'яўляецца важнымі складнікамі асноватворных правоў і свабод чалавека. Сёлета старшыня БАЖ падалася спецыяльнай камісіі Фонду Эберта найбольш годным прэтэндэнтам на прэмію і, улічваючы цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі, такое рашэнне нам здаецца самым правільным", - адзначыў у інтэрв'ю радыё «Немецкая волна» кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва Фонду Эберта ва Ўкраіне і Беларусі Штэфан Хробат.

З рашэннем кіраўніцтва Фонду імя Фрыдрыха Эберта салідарныя і актывісты БАЖ. Па словах удзельніка рады Беларускай асацыяцыі журналістаў, галоўнага рэдактара часопіса "АБАЖУР" Уладзіміра Дзюбы, Жане Літвіной атрымалася арганізаваць тры асноўных напрамкі працы арганізацыі – гэта праваабарончая дзейнасць, аналітыка і экспертыза заканадаўчай базы па СМІ на адпаведнасць міжнародным стандартам, а таксама падрыхтоўка і навучанне маладога пакалення беларускіх журналістаў.

"Гэта вельмі сур'ёзная і ў той жа час досыць рызыкоўная дзейнасць, якая патрабуе немалых нервовых, псіхалагічных выдаткаў і пэўнай мужнасці з боку Жаны Літвіной, а таксама тых, хто разам з ёй ствараў БАЖ і хто цяпер працягвае працаваць у гэтым напрамку", - адзначыў Уладзімір Дзюба.

Прэмія Фонду Эберта ў галіне правоў чалавека ўпершыню была ўручаная ў 1994 годзе. Яе заснавалі Карл і Іда Файсты, якія завяшчалі Фонду сваю маёмасць і распарадзіліся, каб кожны год праходзіла прысуджэнне прэміі за абарону правоў чалавека. У адпаведнасці з пажаданнем Файстаў, гэтая ўзнагарода павінная ўручацца асобным людзям або арганізацыям, што маюць асаблівыя заслугі ў розных напрамках абароны правоў чалавека ва ўсім свеце.

Паводле "Хартыі-97"