Вечар беларускай паэзіі (Германія)
У Берліне ў залі фонда імя Хайнца Шварцкопфа адбыўся вечар беларускай паэзіі. Яго падрыхтавалі студэнты, стыпендыянты нямецкага таварыства “Капернікус” (Copernicus). Кацярына Ільюшчэня вучыцца на пятым курсе факультэта міжнародных адносінаў БДУ. Адзін семестр яна будзе наведваць заняткі ў Свабодным Берлінскім універсітэце як стыпендыянтка таварыства “Копернікус”. У абавязкі атрымальнікаў такой стыпендыі ўваходзіць і падрыхтоўка вечарыны, прысвечанай краіне, з якой яны прыехалі. Кацярына вырашыла прадставіць сваю краіну Беларусь, яе мінулае і сучаснае, скрозь прызму нацыянальнай паэзіі. Нязвыклы аспект зацікавіў шмат каго, заля была перапоўнена, прыйшлі студэнты берлінскіх вузаў, немцы і нават група турыстаў французаў школьнікаў. Слухаючы вершы Ніла Гілевіча на беларускай мове, большасць тых хто прыйшоў не разумела яе, але з задавальненнем прыслухоўвалася да меладычнасці гукаў, і як паслухмяныя школьнікі слухалі расповеды будучага палітолага Кацярыны Ільюшчэня. Рускамоўныя госьці высока ацанілі выступ Кацярыны. “Самае галоўнае – яна правяла паралель “літаратура і палітыка”, глыбока расказала пра беларускую літаратуру, і тонка і ненавязліва асвяціла палітычную сітуацыю ў краіне”, - падкрэсліла адна са слухачак вечарыны паэзіі.Вечарына завяршылася канцэртам госця з Беларусі, музыканта Яўгена Валошына.Паводле “Нямецкай хвалі”