Аўтар некалькіх дзясяткаў дзіцячых кніжак віцебскі паэт і перакладчык Кастусь Севярынец стаў ляўрэатам прэміі рускамоўнага часопіса “FlORIDA”.
Рэдакцыя адзначыла ягоную нізку дзіцячых вершаў у жнівеньскім нумары выдання.
Часопіс “Florida”, які рэдагуе ўраджэнец Сочы і былы мінскі журналіст Аляксандр Росін, даволі папулярны сярод рускамоўных жыхароў Злучаных Штатаў. У ліку ягоных аўтараў – вядомыя пісьменнікі Ася Векслер, Віктар Шэндэровіч, Саша Барадзін, Лев Рубінштейн, Захар Прылепін ды іншыя. Супрацоўнічаюць з выданнем і добра знаёмыя беларусам Сямен Букчын ды Міхаіл Герчык.
Кастусь Севярынец пракамэнтаваў прэмію “За лепшыя радкі 2008 году” як вельмі прыемную падзею, якая, безумоўна, выклікае станоўчыя эмоцыі. Ён нагадаў, што ягоным настаўнікам у Беларускім дзяржаўным універсітэце і літаратуры быў знакаміты беларускі перакладчык Язэп Семяжон, якому паэт дагэтуль удзячны.
У 12-ым нумары часопіса выйшла яшчэ адна нізка вершаў Канстанціна Паўлавіча “Літоўскі альбом”. Асаблівасць падборкі ў тым, што беларускі літаратар на рускай мове піша пра краіну, якая ў юнацтве стала для яго другой радзімай.
Паводле "Радыё Рацыя"