Адкрылася ганаровае консульства (Германія)

Першае Ганаровае консульства Беларусі адкрылася ў Федэратыўнай Рэспубліцы Германіі.

Консульская акруга створана ў федэральных землях Брандэн-бург і Саксонія. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў ФРГ Уладзімір Скварцоў паведаміў, што Ганаровым консулам Беларусі ў Германіі назначаны грамадзянін ФРГ Франк Косік. “Гэты чалавек выдатна знаёмы з нашай краінай, добра ведае гісторыю і культуру беларускага народа. На працягу апошніх гадоў Франк Косік актыўна садзейнічае развіццю беларуска-германскіх адносінаў”, — падкрэсліў дыпламат.Выбар рэгіёну Германіі для заснавання Ганаровага консульства таксама не выпадковы. “З федэральнымі землямі Брандэнбург і Саксонія ажыццяўляецца актыўнае і эфектыўнае ўзаемадзеянне ў розных галінах двухбаковых беларуска-германскіх адносін. Абодва рэгіёны аб’ектыўна цікавыя для Беларусі яшчэ і тым, што належаць да найбольш развітых федэральных зямель з высокай навуковай і інавацыйнай базай”, — заявіў Уладзімір Скварцоў.Як патлумачыў пасол, асноўныя задачы інстытута Ганаровага консульства — садзейнічаць развіццю двухбаковых сувязяў, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай сферы, наладжваць кантакты ў галіне навукі, культуры, спорту. Вельмі перспектыўным з’яўляецца ўдзел гэтай установы ў арганізацыі двухбаковых абменаў дзелавых колаў, а таксама семінараў, форумаў, выстаў. “У выпадку неабходнасці Ганаровае консульства можа ў рамках сваёй кампетэнцыі садзейнічаць у атрыманні кансультацыйнай інфармацыі па абароне правоў і інтарэсаў як асобных грамадзян Беларусі, так і беларускіх юрыдычных асоб, а таксама аказваць дапамогу пры звароце ў адпаведныя дзяржаўныя зямельныя органы ФРГ”, — расказаў Уладзімір Скварцоў. Важнае значэнне таксама мае тое, што работа Ганаровага консульства ў цэлым скіравана на фарміраванне і падтрыманне станоўчага іміджу Беларусі ў Германіі.

Паводле "Голаса Радзімы"