Навуковая дыскусія фармавання нацыянальнай мовы і літаратуры (Польшча)
Кафедра інтэркультуральных даследванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэту арганізавала і правяла ў Варшаве ўжо трэцюю міжнародную канферэнцыю. Тэма сёлетняга спаткання гучала так: Сучасны навуковы дыскурс фармавання нацыянальнай мовы і літаратуры на прасторы паміж Нямеччынай/Аўстрыяй, Рэччу Паспалітай, Вялікім княствам Літоўскім і Расіяй. На адкрыцці канферэнцыі з уступным словам выступіў загадчык кафедры прафесар Ян Казбял, які прачытаў таксама свой даклад прысвечны культуратворчым працэсам ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Паводле ягонага меркавання, у культурніцкім аспекце Расея з’яўляецца малодшаю сястрою Беларусі ды Украіны. Доктар Андрэй Масквін гаварыў пра пусткі ў даследаваннях пра ВКЛ, а таксама пусткі на гэтую тэму ў беларускіх падручніках.Андрэй Масквін: Гэта трэцяя канферэнцыя нашай кафедры. Першая была гістарычная, другая – рэлігійная, трэцяя прысвечаная літаратуры, культуры і мастацтву. Тэма майго дакладу звязаная з Вялікім княствам Літоўскім. З тым як ідэі, думкі, што фармаваліся тады пачалі ўваходзіць ня толькі ў палітычнае і грамадскае жыццё, але ў культурнае жыццё напачатку ХХ ст. Я займаўся тэатрам драматургіі, хацеў зрабіць рэферат пра тое, як ідэі ВКЛ пачалі рэалізоўвацца ў беларускай драматургіі. Але я знайшоў толькі 2 п’есы. Гэта выклікала думку паразважаць, чаму так здарылася. Чаму гістарычная свядомасць беларусаў была вельмі ніклая. Прафесар Сяргей Кавалёў выступіў з дакладам Літаратура Вялікага княства Літоўскага XIII – XVII ст. у навейшых беларускіх даследаваннях. Сяргей Кавалёў: ВКЛ – гэта фенаменальная дзяржава з фенаменальнай культурай, якая належыць беларускаму, польскаму, часткова ўкраінскаму, літоўскаму народу. Літаратуразнаўцы, гісторыкі, мовазнаўцы кожнага з гэтых народаў даследуюць спадчыну ВКЛ. На жаль, раней кожны рабіў гэта паасобку. Такія канферэнцыі маюць на мэце аб’яднаць досвед і намаганні, каб даследаваць спадчыну разам. Мэтаю канферэнцыі з’яўляецца і тое, каб пазнаёміць што новага з’явілася ў азначанай прасторы, якія новыя ідэі, падручнікі, канцэпцыі, даследаванні. У сваім дакладзе я хачу паказаць, якія змены адбыліся ў стаўленні да ВКЛ, пачынаючы ад 60-х гадоў да сённяшняга дня. Ёсць думка стварыць такое даследаванне шматнацыянальным калектывам аўтараў.Пра маладое пакаленне літаратараў Беларусі разважала ў сваім дакладзе польская даследчыца доктар Катажына Бартноўская. Катажына Бартноўская: Я буду гаварыць пра самае маладое пакаленне беларускіх паэтаў. Іх адносіны да традыцыяў беларускай літаратуры, выпрацаваных пакаленнем “Нашай нівы”. Разнастайнасць вельмі вялікая. Для гэтай паэзіі характэрны аўтатэматызм. Яны твораць па-беларуску. Кажуць, што гэта не палітычны акт, яны выбіраюць гэту мову таму, што яна задаецца ім самай прыгожай, блізкай. Няма там ніякіх ідэалагічных адценняў. Канферэнцыя адбывалася 2 дні. Сярод удзельнікаў былі навукоўцы з Польшчы, Нямеччыны, Аўстрыі і Беларусі.Паводле “Польскага радыё для замежжа”