Дні беларускай культуры ў Познані (Польшча)

24 лістапада, у 17.00 у галерэі Арсенал адбылося адкрыццё выставы беларускіх мастакоў: Юры Якавенкі, Аляксандра Сільвановіча і Уладзіміра Блюдніка. Юры Якавенка, прыляцеўшы адмыслова на адкрыццё выставы з Рыму, прэзентаваў свае графікі і выдадзены каталог сваіх працаў. Аляксандар Сільвановіч, пасля амаль месячнага побыту ў Польшчы, удзелу ў шматлікіх пленэрах і выставах прэзентаваў серыю карцінаў, аб’яднаную легендамі і сімбалямі старажытнасці. Уладзімір Блюднік прадставіў свае алейныя палотны і літаграфіі апошніх гадоў.

24 лістапада, у 19.00 у славутым джазавым клюбе "Blue Note" прайшоў канцэрт "Народныя гукі Беларусі" (Паліна Зузіна - спеў, Вадзім Швэд - гармонік). Выступ сабраў поўны зал зацікаўленых слухачоў, якія падзяліліся на тых хто добра ведае беларускі фальклор і тых для каго гэты канцэрт стаўся сапраўднай экзотыкай. Пад канец выступу і адныя і другія зліліся ў адзіную разбаўленую і прыхільную публіку.

25 лістапада, у 14.000 у галереі Арсенал адбылася літаратурная прэзентацыя, у якой удзельнічалі: Юры Гумянюк, Віталь Воранаў, Уладзімір Блюднік, Давід Юнг. Паэт з Гародні Юры Гумянюк прачытаў польскія пераклады сваіх вершаў, а таксама цалкам новыя вершы, якія ўвойдуць у запланаваны томік паэзіі. Мастак і паэт Уладзімір Блюднік прэзентаваў новавыдадзеную дэбютную кнігу "Вяртаньне", якая напярэдадні выйшла ў выдавецтве "Белы Крумкач", у Познані. Паэт, оперны спявак і рэдактар часопісу "Паэтычныя Сшыткі" з Гнезна, - Давід Юнг апавёў пра ход працы над польскай анталогіяй беларускай паэзіі, якая плануецца выйсці ў 2009 годзе. Віталь Воранаў правёў прэзентацыю выдавецкай серыі "Белы Крумкач", а таксама прачытаў свае пераклады вершаў Алеся Аркуша і Давіда Юнга. Пасля прэзентацый адбылася размова, якую правёў літаратуразнаўца прафесар Багуслаў Бакула. На заканчэнне гледачы змаглі набыць новыя выданні: альманах "Беларус 2008" выдадзеным у Нью-Ёрку, у якім прадстаўленыя творы ажно трох познаньскіх аўтараў, "Віня-Пых" Алана Мілана, "Вяртаньне" Уладзіміра Блюдніка, а таксама мастацкія каталогі Ю. Якавенкі і А. Сільвановіча.

Арганізатарамі беларускай часткі дзён славянскай культуры выступілі Універсітэт імя Адама Міцкевіча і Беларускі культурна-асветніцкі цэнтар у Познані.

Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар у Познані

Паводле газеты "Пагоня"