Латвійскаму таварыству беларускай культуры “Сьвітанак” 20 год

Дваццаць гадоў таму, 27 лістапада 1988 года, на світанку адраджэння латвійскай дзяржаўнасці,  у Рызе было заснаванае Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”.
 
Такую сімвалічную назву далі сваёй арганізацыі прадстаўнікі дэмакратычна настроенай беларускай інтэлігенцыі ў надзеі ажывіць паходню беларушчыны,  узнятую беларускімі асветнікамі Латвіі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. І хоць больш паўстагоддзя аддзяляе “Сьвітанак” (1988 г.) ад “Бацькаўшчыны” (1921 г.) – беларускага таварыства ў Латвіі, паслядоўнікам якога лічыць сябе “Сьвітанак”, менавіта "Бацькаўшчына" стала тым падмуркам, на якім  будуе сваю працу нашае таварыства.
 
За дваццаць  гадоў культурна-асветніцкай дзейнасці пад эгідай  “Сьвітанка”:
 
1989 г. – адчынена беларуская мастацкая студыя  “Вясёлка”;
1991 г. – пачала сваю працу Рыжская беларуская нядзельная школа;
1990 г. – на хвалях Латвійскага радыё ўпершыню пачала гучаць беларуская мова ў грамадскай культурна-асветніцкай праграме “Сьвітанак”;
1991 г. – беларускімі мастакамі Латвіі, Эстоніі, Летувы i Санкт-Петэрбурга заснаванае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”;
1994 г. – адчынены першы клас дзяржаўнай Рыжскай беларускай школы, пасля паспяховай акрэдытацыі ў 1998 г. школе нададзены статус Рыжскай Беларускай асноўнай школы;
2002 г. – створаны аднаіменны  вакальны гурт пры таварыстве;
2003 г. – выдадзена кніжка аб дзейнасці таварыства на працягу 15 гадоў
2005 г. – пачаў працу сайт таварыства : www.svitanak.lv
 
 У сакавіку 2006 г.  найвышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі – ордэнам Трох Зорак быў узнагароджаны мастак, грамадскі і культурны дзеяч, чалавек, які стаяў ля вытокаў нашага таварыства – Вячаслаў Міхайлавіч Целеш. Мы ганарымся тым, што ў кагорце ардэнаносцаў, асоб, якія  з'яўляюцца гонарам Латвіі, і “світанкавец” Вячка Целеш!
 
 Таварыства “Сьвітанак” – не толькі першая беларуская суполка, заснаваная ў Латвіі. “Світанкаўцы” ганарацца і тым, што менавіта беларуская супольнасць адной з першых нацменшасцяў Латвіі стварыла сваё нацыянальна-культурнае таварыства, што стала адным з заснавальнікаў Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч.
 
 І сёння “сьвітанкаўцы” з нагоды свайго юбілею звяртаюцца да ўсіх сваіх сяброў у самых розных кутках свету са словамі, ад якіх ні разу не адцураліся за дваццаць гадоў  існавання таварыства:
Будзьма беларусамі!
Будзьма разам!
Жыве Беларусь!
 
Юбілейная сябрына, з нагоды 20-годдзя таварыства будзе ладзіцца 6 снежня бягучага года ў будынку Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў імя Іты Казакевіч, што па вул. Слокас, 37.
Пачатак – у 15 00.
 
Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”

--------------------------------------------------------

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуе Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” з 20-гадовым юбілеем
 
Ваша арганізацыя зрабіла шмат па яднанні беларусаў Латвіі, прапаганды беларускай культуры ў вашай краіне. З 1988 г. сябры Таварыства вядуць карпатлівую працу па яднанні беларусаў Латвіі, абуджэнні іх нацыянальнай свядомасці, выхаванні любові да роднай мовы, гісторыі і культуры. Адраджэнне беларускай газеты “Голас беларуса”, утварэнне часопісу “Сьвітанак”, арганізацыя Рыжскай беларускай мастацкай студыі “Вясёлка”, утварэнне Рыжскай беларускай нядзельнай школы, якая з цягам часу вырасла ў Рыжскую беларускую асноўную школу, культурна-асветніцкая праграма “Сьвітанак” на Латвійскім радыё, заснаванне аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, стварэнне бібліятэкі Таварыства, сайта арганізацыі, папулярызацыя беларускай песні гуртам таварыства ў гарадах Латвіі – вось далёка няпоўны пералік спраў “Сьвітанка” за апошнія 20 год. Менавіта дзякуючы вам, усім тым, хто нясе беларускае слова ў сваім сэрцы, складаецца  трывалы падмурак для яднання беларусаў Латвіі.
 
“Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ганарыцца тым, што значную частку дзейнасці “Сьвітанка” мы ідзем побач. Спадзяемся, што і надалей нашыя арганізацыі будуць працаваць разам.
 
Яшчэ раз шчыра віншуем з юбілеем таварыства  “Сьвітанак”!  Зычым поспехаў, натхнення, здзяйснення творчых планаў! Каб ставала моцы не схіляць голаў ні перад якімі цяжкасцямі!
 
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
 
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”