У нядзелю 23 лістапада 2008 г. у храме Святых віленскіх пакутнікаў Антона, Яна і Астапа БАПЦ , у аўстралійскім горадзе Мельбурн (сталіца штату Вікторыя), епіскап Наваградскі і Паўночна-Амерыканскі Святаслаў адслужыў святую Літургію, у якой таксама прынялі ўдзел мясцовая парафія РПЦЗ (якая не падыйшла пад МП) і вернікі Грэцкае старастыльнае праваслаўнае царквы.
Набажэнства адбывалася па-беларуску, па-царкоўна-славянску і па-англійску. Пасля богаслужбы адбыўся пачастунак у парафіяльнай зале, прыгатаваны сястрынствам. Старшыня парафіяльнай Рады парафіі Св. трох віленскіх пакутнікаў сп. Мікалай Субач прывітаў уладыку Святаслава. Кіраўнік Рады беларускіх арганізацыяў у Аўстраліі сп. Яўген Груша прачытаў вершы Янкі Купалы, а фальклорная група “Каліна” выканала беларускія песні. У гэты ж дзень епіскап Святаслаў адведаў настаяцеля пратапрасвіцера айца Аляксандра Кулакоўскага, які знаходзіцца ў шпіталі.
Раней, у суботу каля памятнага Крыжа на Беларускіх могілках у Мельбурне была адслужана паніхіда па супачылым парафіянам і па загіблым змагарам Слуцкага паўстання (1920) і абойдзены магілкі супачылых, у тым ліку, – першага настаяцеля парафіі,– архімандрыта Мадэста Яцкевіча (памёр у 1971). У суботу 22 лістапада ўвечары ў царкве была адслужана ўсяночная служба, таксама на свята св. Архістратыга Міхаіла была адслужана ўсяночная з ліціёй.