Да 75-годдзя беларускай перакладчыцы Ніны Янсанэ (Латвія)

Гэтыя радкі  вядомы беларускі паэт Сяргей Панізнік прысвяціў сваёй сястры Ніне Янсанэ, якая ўжо больш паўстагоддзя жыве ў Латвіі, на ўзбярэжжы Балтыкі, у Юрмале. Калі сам Сяргей Панізнік у беларускім асяродку Латвіі асоба знакавая, ён кавалер ордэна Трох зорак Латвійскай Рэспублікі, то, магчыма, не ўсе, нават добрыя знаёмыя спадарыні Ніны, ведаюць пра той унёсак, які гэта сціплая жанчына ўнесла ў скарбонку латышска-беларускіх  культурных узаемадачыненняў. І сёння, карыстаючыся нагодай – 21 лістапада бягучага года Ніна Янсанэ адзначае свой 75-гадовы юбілей, хацелася б нагадаць яе жыццёвы шлях:

Нарадзілася Ніна Янсанэ, (у дзявоцтве – Панізнік) у вёсцы Бабышкі Браслаўскага павету Віленскага ваяводства (цяпер Міёрскі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям' і ,  якая параднілася з латышамі яшчэ з дарэвалюцыйных петраградскіх часоў. Вучылася ў весцы Латышы.  Пасля заканчэння Лянвопальскай сямігодкі ў 1951 годзе выехала да родзічаў у Рыгу. Там паступіла на вучобу ў тэхнікум малочна-мясной прамысловасці. Да выхаду на пенсію працавала на адным з рыжскіх заводаў. З 1998 года – грамадзянка Латвіі. Жыве ў Юрмале. Там жа, на яундубултскіх могілках, пахаваныя яе бацькі.За паўвека жыцця ў Латвіі Ніна Янсанэ ўвабрала ў сябе дух латышскай культуры, дасканала авалодала глыбіннымі пластамі мовы, што дазволіла ёй падступіцца да складаных тэкстаў у час падрыхтоўкі ў Мінску выбраных твораў Яніса Райніса для серыі «Скарбы сусветнай літаратуры»(1993). У томе класіка латышскага пісьменства, падрыхтаванага Мірзай Абалай, Н. Янсанэ выступае не толькі як аўтар падрадковых перакладаў, але і яе перакладчыца паасобных твораў райнісаўскай публіцыстыкі.З іншых здабыткаў Н. Янсанэ варта адзначыць яе пераклады латышскіх народных казак, прозы Саўлцэрытэ Віесэ, Аі Лацэ і інш, а таксама ўспамінаў Яніса Ніедрэ, навуковага даследвання Петрыса Зайлэ на тэму латышска-беларускіх узаемадачыненняў. Чакае публікацыі перакладзены Нінай Янсанэ нарыс Матыльды Езавітавай «Кароткі агляд старажытнай беларускай культуры і літаратуры», надрукаваны ў часопісе «Domas» (1929) і іншыя яе пераклады, якія могуць уяўляць цікавасць для сучасных даследчыкаў.Ніна Янсанэ з'яўлялася дарадчыцай Мірдзы Абала ў яе рабоце над падрыхтоўкай латышска-беларускага і беларуска-латышскага слоўніка.Больш падрабязна пра беларускую перакладчыцу Ніну Янсанэ можна даведацца, калі перагарнуць старонкі энцыклапедычнага даведніка «Хто ёсьць Хто сярод беларусаў свету». Артыкул, прысвечаны Ніне Янсанэ, ёсьць і ў зборніку Сяргея Панізніка «Крывіцкія Руны».На старонках нашага сайту ЛТБК «Сьвітанак» у бліжэйшай будучыні таксама збіраецца абагулііць творчую спадчыну нашай зямлячкі беларускай перакладчыцы Ніны Янсанэ, каб зрабіць яе здабыткам усіх беларусаў.У гэтыя ж восеньскія дні "сьвітанкаўцы" шчыра віншуюць Вас, спадарыня Ніна, з 75-гадовым юбілеем. Прыміце нашу вялікую павагу і самыя шчырыя пажаданні! Мы заўсёды ганарыліся сяброўству з Вамі і будзем рады кожнай новай сустрэчы. Расповед пра Вас мы пачалі з верша Вашага брата Сяргея Панізніка «Хай пашчасціць». Далучаемся да гэтага пажадання – хай шчасціць Вам доўгія-доўгія гады і, хочам Вас запэўніць Вашымі ж радкамі, крыху пераіначыўшы іх – Вы не згубіліся ні пад нябесным сузор'ем, ні ў сузор'і беларускіх дзеячоў Латвіі! Паводле “Латвійскае таварыства беларускай культуры "Сьвітанак" (www.svitanak.lv)-----------------------                  Ніна Янсанэ               Зорная поштаУначы я гляжу на сузор'е Мядзведзіцы, -Каб зорнаму небу расказаць пра тое, як жывецца нам тут, Перадаць яму свой боль і свой сум,І нашы маленькія радасці,Якія падараваў прамінулы дзень.Браце! Калі хочаш уведаць пра нас, Навіны пазнаць, успомніць мора,Юрмалу і сваіх сяброў, -Глядзі ў гэты час на зоры!І яны табе перакажуць,Чаму нашы маркотныя сэрцыСумуюць і чакаюць сустрэчы.Але зямныя спатканні адкладваюцца.Радасць цяпер у тым, Што з тэлефона пачую родныя галасыІ ў думках пабуду з усімі вамі,–Нібыта пасяджу за адным сталом,Таму самая надзейная – зорная пошта.Глядзі на неба, браце!І мы не згубімся пад нашым сузор'eм. 

чэрвень-ліпень 2006 г. Юрмала

-----------------------------

                 Хай пашчасціць              Сястры Ніне Янсанэ  Можа век з цішынёй і ўжывецца – дзень за днём,     дзень за днём ,         дзень за днём...Тое, што пасля нас застанецца, – за нашчадкаў цяпер памянём.Пасядзім у бяседзе зычлівай,паглядзім на сябе, на другіх.Што нам выпала з долі шчаслівай,што мы выбралі:вечнасць ці міг?І калі мы падступім да краю,дзе ацэняцца нашы шляхі, – хай пашчасціць ісці не да раю – пад крыло той духоўнай страхі,дзе прыйшоў за сястрою ў нядзельныродны край, летапісную золь...Шчыра дзякую, век мой надзейны, за хлеб-соль,   за хлеб-соль,      за хлеб-соль