Зварот старшыні Рады БНР да беларускага народу да Дня Герояў 27 лістапада 2008 году

Дарагія браты і сёстры!Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю Вас з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну!Раблю гэта аднак сёньня з пэўным смуткам. Што сказалі-б нашыя слаўныя случчакі, калі-б пабачылі, што 88 гадоў пасьля іхнага Збройнага Чыну, калі яны былі гатовыя памерці, каб жыў наш край – вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка – мы ўсё яшчэ ў няволі.Так, у няволі, дарагія Суродзічы. Дасюль мы ня зьдзейсьнілі ідэалаў, выказаных у Акце 25 Сакавіка! За выняткам беларускай моладзі, якую я вітаю ад глыбіні сэрца, людзі нашыя, наш народ, яшчэ ўсё жывуць у страху, яшчэ ўсё ня ведаюць сэнсу словаў СВАБОДА, ВОЛЯ, ЛЮДЗКАЯ ГОДНАСЬЦЬ. Абы выжыць да заўтра, абы ня страціць працу, абы ня страціць пэнсіі – вось ідэалы пераважнай бальшыні нашага народу 88 гадоў пасьля Слуцкага Збройнага Чыну.А маглі-б мы быць, як нашыя вольныя суседзі, народам паўнавартасным, часткаю Эўразьвязу, жыць заможна і годна, вырашаць свой лёс не ў залежнасьці ад волі дыктатара і ягоных паплечнікаў, а ў залежнасьці ад агульнага свабоднага волявыяўленьня – так як найлепш для ўсіх нас – каб дзеці нашыя і ўнукі ганарыліся сваім краем, а не стараліся за ўсякую цану яго пакінуць з надзеяй, што знойдуць шчасьце на чужыне.Але для таго, каб дамагчыся свабоды і дабрабыту, нам трэба памятаць нашых герояў, любіць Беларусь так, як яны яе любілі, і верыць, як гэта казаў новаабраны прэзыдэнт Злучаных Штатаў падчас свае выбарчай кампаніі, што “Так, мы можам!” Ці-ж мы горшыя за народы вольных краінаў сьвету? Мы ня горшыя, дарагія Суродзічы, але магчыма мы яшчэ не зразумелі, што будучыня нашая ў нашых руках. Што толькі мы можам зрэалізаваць высокародныя ідэалы нашых слаўных продкаў-случчакоў.Жыве Беларусь!Iвонка СУРВІЛЛА, Старшыня Рады БНР