Адкрыццё выставы “Мая і Твая Беларусь" (ЗША)

16 лістапада а 13-й гадзіне ў будынку Катэдральнага Сабора Святога Кірылы Тураўскага, у памяшканнях якога пасля працяглага рaмонту распачаў працу Беларускі Музей у Нью-Ёрку, адбылося адкрыццё выставы вядомага беларускага мастака-графіка Яўгена Шатохіна Мая і Твая Беларусь.

Гэта выстава стала першай для беларускага мастака ў Паўночнай Амерыцы. Яе неведвальнікам Яўген Шатохін прадставіў 24 свае творы, выкананыя алоўкам і акварэллю на паперы. Пра творчую дзейнасць Яўгена Шатохіна распавёў для наведвальнікаў Зянон Пазняк. Беларускі палітык, гісторык і мастацтвазнаўца сказаў, што творы Яўгена Шатохіна, якія той ствараў падчас падарожжаў па розных мясцінах Беларусі, выдатна адлюстроўваюць настроі, з якімі жывуць людзі. Асаблівая ўвага ў выставе нададзена партрэтам жыхароў вёсак. “Схапіўшы” вобраз, Шатохін выяўляе характар і пачуцці, заглядваючы ва ўнутраны свет герояў сваіх твораў, і дэманструе, што з’ўляецца сапраўдным майстрам алоўка. Таксама сп. Пазняк  распавёў пра суполку “Пагоня”, яе стварэнне, дзейнасць ды ролю, якую яна адыгрывала і адыгрывае ў адраджэнні беларускай культуры і культарнай свядамасці нацыі. Сябры яе, адным з якіх з’яўляецца  Яўген Шатохін, –  гэта авангард і эліта мастацтва Беларусі. Аўтар падзякаваў за ўвагу да сваёй дзейнасці наведвальнікам, якія прыйшлі на вернісаж (больш шасьцідзесяці асобаў). Выстава будзе працаваць у Брукліне да 30-га лістапада. Яўген Шатохін таксама выказаў удзячнасць Радзе Беларускага Музея за магчымасць правядзення выставы, распавёў пра сваю творчасць, планы у ЗША, пра вандроўкі па Беларусі і не толькі. Меў выступ падчас адкрыцця выставы і старшыня Рады Беларускага Музея былы дырэктар Беларускага Музея ў акупаваным Мінску адзін з заснавальнікаў Беларуска-Амерыканскага Задзіночання Антон Шукелойць. Сказаўшы, што ў розных краінах вызвольныя рухі ўзначальвалі людзі розных “палітычных” прафесій, ён адзначыў ролю прадстаўнікоў мастацтва ў найноўшым Беларускім Адраджэнні. “На Беларусі вызвольны адраджэнскі рух знаходзіўся і знаходзіцца пад вялізным уплывам беларускіх творцаў. Роля людзей мастацтва неаспрэчна вялізная ў вяртанні беларусаў да беларускасці". Так было стагоддзе таму, так ёсць і зараз. Нягледзячы на складаныя ўмовы, мастакі працягваюць працаваць, паказваюць беларусам  хараство і духоўнае багацце сваёй краіны. Гэта карысная творчая адраджэнская дзейнасць выяўляе і адлюстроўвае сапраўдную Беларусь. Менавіта дзякуючы такім мастакам, як Яўген Шатохін, Мая і Твая Беларусь набліжаецца да ўсіх нас.

 

Паводле “Беларускага музея”