Беларуская хатка ўзведзена ў музеі пад адкрытым небам каля горада Усць-Каменагорска.
Сярод жыхароў і наведвальнікаў Усць-Каменагорска вялікай папулярнасцю карыстаецца Усходне-Казахстанскі абласны архітэктурны і прыродна-ландшафтны музей-запаведнік. На яго тэрыторыі створана “Казахская вёска”, дзе прадстаўлена жыллё і іншыя збудаванні самых розных часоў і сацыяльных груп. У іх ліку — юрта, сядзібы небагатага селяніна-стараабрадца і заможнага селяніна-маралавода, дом з інтэр’ерам сельскай крамы, татарскі пяцісценак з унутраным убраннем, канюшня з транспартнымі сродкамі і многае іншае.І вось улічваючы тое, што на тэрыторыі вобласці жыве нямала беларусаў, па ініцыятыве як самога музея-запаведніка, так і Асамблеі народаў Усходняга Казахстана, а таксама грамадскага аб’яднання “Усходне-Казахстанскі беларускі культурны цэнтр” Усць-Каменагорскі этнапарк узбагаціўся беларускай хатай. З казахскага боку ва ўрачыстасці яе адкрыцця прынялі ўдзел намеснік Акіма Усходне-Казахстанскай вобласці Аманкельды Цяжэнаў, загадчык выканаўчага сакратарыята малой Асамблеі народаў Усходняга Казахстана Аляксандр Рукін, з беларускага — консул Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан Таццяна Капітонава, старшыня рэгіянальнага грамадскага аб’яднання “Усходне-Казахстанскі беларускі культурны цэнтр” горада Алматы Леанід Піталенка і старшыня абласнога аб’яднання таго ж цэнтра Уладзімір Магазіншчыкаў.Што ж пабачылі першыя госці беларускай хаты? Багатую калекцыю экспанатаў, якія характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру беларускага народа. Гэта — мэбля, посуд, прылады працы, іконы, ручнікі, дарожкі, пасцілкі, вялікія сувоі льнянога даматканага палатна, камплекты народнага жаночага і мужчынскага адзення, самаробныя драўляныя, саламяныя і мяккія дзіцячыя цацкі. Яны не адзін год збіраліся супрацоўнікамі музея-запаведніка і мясцовымі беларусамі.Наша пасольства таксама аказала дапамогу ў запаўненні хаты экспанатамі. Аб’яднанню суайчыннікаў ва Усходне-Казахстанскай вобласці былі падараваны прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пралка, кнігі, аудыя- і відэакасеты, прысвечаныя культуры беларусаў, і многае іншае.У канцы прэзентацыі беларускай хаты мастацкія калектывы Усходне-Казахстанскага беларускага культурнага цэнтра паказалі гасцям святочны канцэрт.Васіль Гапееў,Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы КазахстанПаводле газеты "Голас Радзімы"