Свята збірае сяброў (Літва)

Фестываль беларускай песні прайшоў у літоўскім Шальчынінкаі.

У раённым цэнтры культуры горада Шальчынінкай адбыўся пяты Фестываль беларускай песні, арганізаваны беларускай грамадскай арганізацыяй Шальчынінкайскага раёна пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы. Традыцыйнае свята і на гэты раз сабрала мноства гасцей — актывістаў рэгіянальных беларускіх арганізацый з Вільнюса, Шальчынінкая, Вісагінаса і іншых гарадоў Літвы. Адкрываючы фестываль, прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Літве зачыталі прывітальнае пасланне Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзіміра Дражына. Перад гасцямі выступілі віцэ-мэр Шальчынінкайскага раёна Здзіслаў Палевіч і прэзідэнт Аб’яднання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Леанід Мурашка. Кожны год на фестывалі мяняюцца выканаўцы беларускай песні. На гэты раз у канцэрце прынялі ўдзел польскі калектыў “Надмэрачанкі” і ансамбль “Тургелянка” з Шальчынінкайскага раёна, дзіцячы ансамбль “Фасолькі”. Беларускія песні выконвалі цыганскі ансамбль “Рамалы-Яголы”, а таксама ансамбль народнай песні з Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці “Жытніца”.

Паводле газеты "Голас Радзімы"