У інтэрв’ю “Еўрарадыё” Зянон Пазняк распавёў пра тое, ці вернецца на Радзіму, па чым сумуе ў Беларусі, а таксама колькі яшчэ “Курапатаў” акружаюць Мінск.
Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзяды. Апазіцыя па традыцыі наведвае ўрочышча Курапаты, дзе пахаваныя сотні тысяч ахвяраў савецкага рэжыму. Менавіта ў гэтым месцы на Дзяды дваццацігадовай даўніны адбыўся першы масавы антыкамуністычны мітынг. Папярэднічаў яму артыкул Зянона Пазьняка, які выкрыў месцы расстрэлаў і распавёў пра гэта ўсяму свету.Зянон Станіслававіч, як вы даведаліся пра Курапаты?Зянон Пазьняк: Пра Курапаты я даведаўся ў пачатку 1970-х гадоў. Я жыў там непадалёк на вуліцы Кальцова. Каля Курапатаў тады яшчэ дамоў не было. Там былі вёскі. І вось я размаўляў з людзьмі, якія жылі ў вёсках, і яны мне пра гэта расказвалі. Тады нельга было публічна выйсці з такой інфармацыяй. Па-першае, ніхто б яе не надрукаваў, а па-другое, гэта было небяспечна, бо гэтае месца маглі знішчыць. Неабходна было збіраць звесткі і чакаць свайго часу. Так склалася жыццё, што гэты час прыйшоў.Сенсацыйны артыкул пра Курапаты быў надрукаваны ў ЛіМе 3 чэрвеня 1988 года. Як вам удалося гэта зрабіць?Зянон Пазьняк: У асноўным гэта дзякуючы гераізму рэдакцыі. Гэта ўвогуле ўнікальны выпадак, калі пры Савецкім Саюзе ўзбунтавалася ўся рэдакцыя, не падпарадкавалася ЦК і выступіла за тое, каб артыкул быў надрукаваны. Запусцілі ў друк, і тады з ЦК было ўказанне спыніць машыны, раскідаць набор. І вось тады і ўзбунтавалася ўся рэдакцыя: усе да аднаго. Сабралі сход і пастанавілі друкаваць. У дадатак я хадзіў да Васіля Ўладзіміравіча Быкава, паколькі патрэбна было заручыцца аўтарытэтнай падтрымкай, прасіў яго, каб ён зрабіў уступнае слова. Быкаў дапамог, зрабіў гэтае слова. І такім чынам, калі гэты артыкул выйшаў, ён зрабіў, як я лічу, сваю гістарычную ролю. Яго выхад быў раўназначны ўзрыву атамнай бомбы.
Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк, 1993 годЦі лічыце, што вы сталі вядомым палітыкам менавіта дзякуючы Курапатам?Зянон Пазьняк: Курапаты ў пэўным сэнсе былі такой вехай у маім жыцці. І, безумоўна, вядомасць прынеслі Курапаты ў першую чаргу. Потым ужо была палітычная дзейнасць, незалежнасць, Вярхоўны Савет. Але першае – гэта Курапаты! Даведаўшыся пра Курапаты, людзі даведаліся і пра чалавека, які гэта адкрыў, даследаваў і апісаў.
Біл Клінтан і Зянон Пазьняк, Курапаты 1994 год
Колькі такіх “курапатаў”, на ваш погляд, вакол Мінска?Зянон Пазьняк: Вакол Мінска я налічыў каля дзясятка. Я спрабаваў даследаваць Лошыцу. — гэта пасля Курапатаў самае буйное месца расстрэлаў — але мяне апярэдзілі. Там некалькі метраў насыпалі жвіру і пабудавалі гаражы. Таксама ёсць у раёне Баравой, недалёка ад вёсачкі Дроздава. Вельмі буйное месца расстрэлаў было ў лесе Ваньковіча, цяпер гэта Парк Чалюскінцаў.Вы цяпер у Варшаве. Чым тут займаецеся?Зянон Пазьняк: Асноўны час забірае палітычная дзейнасць. Работа наша практычна падпольная. Шмат рознай цякучкі. Ёсць праца і ў эміграцыі. Ёсць тут праблемы, якімі трэба займацца. Разам з тым я працую над артыкуламі і над кнігамі. Я пастаянна нешта пішу, аналізую. І таксама на варштаце маю некалькі кніг. У любы свабодны час, у кожную свабодную хвіліну сядаю і пачынаю патроху рабіць.А ці збіраецеся вы вярнуцца ў Беларусь?Зянон Пазьняк: Гэтая думка ў мяне існуе пастаянна. Уся мая праца, уся мая работа накіраваная на тое, каб гэты час прыспешыць. Я, дарэчы, прыязджаў ужо ў Беларусь. У 1996 годзе 26 красавіка, праз месяц пасля эміграцыі. Гэта была проста дэтэктыўная гісторыя, як мне ўдалося праехаць праз мяжу. На мітынгу я быў. Я быў з аховай, бо я ўжо ведаў, што мяне будуць браць пасля мітынгу. Закончылася гэта штурмам. Мы забарыкадаваліся ў Сядзібе, нас акружылі і потым штурмавалі. Але ж мне ўдалося выйсці з гэтага становішча. Пасля я яшчэ два тыдні быў у падполлі ў Мінску, а потым перабраўся ва Ўкраіну, затым ў Чэхію і гэтак далей. Так што прыезд ужо быў. Ён дакладна паказаў, што будзе. Мне ехаць цераз гэтую мяжу — раўназначна самагубству, таму што я ведаю дакладна тыя распараджэнні, якія ідуць асабіста ад Лукашэнкі. Яны гучаць так: пры непадпарадкаванні і аказанні супраціўлення страляць на паражэнне. Так што, усе тыя размовы: вернецца, не вернецца — альбо такое інфантыльнае аматарства, альбо гэта свядома робяць людзі з правакацыйнымі мэтамі, каб у людзей, якія не вельмі разбіраюцца, пасеяць дрэннае ўражанне пра чалавека. Вось ён тут не вяртаецца… Узяў бы і вярнуўся.Пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў было модна пужаць грамадства вашым вяртаннем. У інтэрнэце з’яўляліся вершы, і песні нават складалі пра гэта… Зянон Пазьняк: Я толькі чуў… Быў такі на рускай мове “Занон-Хоп” (смяецца). Ну, хто яго ведае. У інтэрнэце столькі дзівакоў розных, што часам цяжка адрозніць, дзе “гэбэ”, а дзе дзівак. Цяжка мне сказаць. Я так з пацісканнем плячэй паставіўся да гэтага.Па чым найбольш сумуеце ў Беларусі?Зянон Пазьняк: Знаеце, як не дзіўна, але не хапае краявіду. У першую чаргу. Калі глядзіш на фотаздымкі, цяперашнія, былыя, там, дзе краявід Бацькаўшчыны, — немагчыма… Сціскае за сэрца і за горла. І не толькі мяне. Кожнага беларуса, які перажывае такія цяжкасці — немагчымасць вярнуцца на Радзіму. Прырода мае вельмі вялікае значэнне. З поўным усведамленнем кажу. Я шмат, дзе быў. Нідзе няма харашэйшага краявіду, як у Беларусі. Абсалютна ўнікальны марэнны пейзаж, абсалютна ўнікальны. Такога вось дыхання, такога адчування вечнасці, адчування Бога няма нідзе. Для беларуса вельмі цяжка — расстацца са сваім краем. З тым, што стала часткай наша душы. А гэта наша зямля, наш краявід.
Паводле "Еўрапейскага радыё для Беларусі"