Імпрэза ТБК (Літва)

“Гэтым разам нікому паведамляць пра імпрэзу ня буду!” –  сказаў старшыня ТБК сп. Хведар Нюнька, –“Кожны зацікаўлены павінен помніць, а тым больш сябры Рады таварыства, што кожную апошнюю суботу адбываецца нейкая чарговая імпрэза.” На гэты раз планавалася адзначыць угодкі з дня народзінаў Язэпа Драздовіча і іншых беларускіх дзеячоў, якія нарадзіліся ў кастрычніку. Але, калі бываюць госці з Беларусі, то абавязкова наведваюць ТБК, выступаюць на мерапрыемствах.У зале сабралася каля двадцаці асобаў. Першым прамоўцам быў сп. Хв.Нюнька, ён распавёў пра род Скірмунтаў, з якога паходзіць выбітны беларускі дзеяч Раман Скірмунт. Шляхціч, меў шмат зямлі, у 1911 годзе быў абраны дэпутатам Дзяржаўнай Думы Расійскай Імперыі. Але ж , як толькі з’явіўся шанец, каб Беларусь  атрымала самастойнасць, Раман Скірмунт вяртаецца на радзіму, узначальвае Беларускі народны камітэт, прымае ўдзел у стварэнні БНР. У міжваенны час жыў у родным Парэччы, а ў 1939 годзе Рамана Скірмунта забілі суседзі-сяляне ў сваёй вёсцы Парэчча. Вядомы беларускі палітык пачатку ХХ ст. за беларускасць аддаў самае каштоўнае – жыццё.Другі дакладчык – вядомы ў Літве журналіст Алесь Адамковіч. Ягонае выступленне было прысвечанае 120- угодкам з дня народзінаў Язэпа Драздовіча, лёс якога цесна звязаны з Вільняй. Тут будучы мастак вучыўся, пазней выкладаў у Віленскай Беларускай Гімназіі маляванне, да гэтага часу ў Вільні на Троцкай вуліцы, на будынку знаходзіцца Скарынаўскі знак – праца мастака Язэпа Драздовіча. Выступоўца цікава і глыбока распавёў пра мастака, пра ягоны творчы шлях, мала даследаваны ў Беларусі. А Язэп Драздовіч пісаў апавяданні, збіраў фальклор на роднай Дзісеншчыне.У Германавічах ёсць музей Я.Драздовіча, створаны краязнаўцам Адай Райчонак, у музеі нейкі час працаваў Алесь Адамковіч, у мінулым годзе кола прыхільнікаў ТБК наведала Германавічы, адбылася сустрэча з Адай Райчонак, пабывалі на магіле маці мастака, шмат паездзілі па Шаркаўшчыне, дзе пісаў краявіды вечны вандроўнік. Беларусы Вільні памятаюць Вялікага Мастака Язэпа Драздовіча. У верасні гэтага года яшчэ раз наведалі Германавічы, разам з старшынёй ТБК, А.Адамковічам і дачкой Мар'яна Пецюкевіча Марыляй Пецюкевіч. Працягнуў тэму госць з Мінску – археолаг Эдвард Зайкоўскі, навуковец расказаў пра раскопкі на Дзісеншчыне, у Брэсце. Гэтым разам госцем таварыства быў і журналіст з “Нашай Нівы” Яраслаў Сцешык, ён таксама меў слова.Апошняе выступленне Хв. Нюнькі было прысвечана Міхасю Раецкаму і Радаславу Астроўскаму. Дакладчык вельмі цікава расказаў пра жыццё выбітных беларусаў, лёс М. Раецкага закінуў у далёкую Аўстралію, цікава было і тое, што Хв. Нюнька па запрашэнні беларусаў Аўстраліі пабываў у экзатычнай краіне, на жаль канстатаваў, што там адыходзяць у іншы свет беларусы першай хвалі эміграцыі і заціхае беларускае жыццё, а раней там быў добры хор у царкве, кожную сераду выходзілі радыёперадачы на беларускай мове. Адну з перадач прысутныя мелі магчымасць паслухаць на заканчэнні імпрэзы.Пакуль жывуць людзі, якія помняць сваіх герояў, будзе жыць і Беларусь.Леакадзя Мілаш, г.Вільня