24 кастрычніка адбылася сустрэча прадстаўнікоў дыяспараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы з Прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам. Беларусь прадстаўлялі сябра Галоўнай Управы Беларуска-Амерыканскага Задзіночання спадарыня Алеся Кіпель і старшыня Згуртавання Беларускай Моладзі ў Амерыцы Мікола Цімашэнка. У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі дыяспараў Венгрыі, Арменіі, Балгарыі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі, Эстоніі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Украіны.
Сустрэча адбылася ў сталовай Белага Дома. Пасля выступу перад прысутнымі пасла ЗША ў НАТА, адбылася сустрэча з Джорджам Бушам, якая цягнуляся каля гадзіны. Прэзідэнт паказаў выдатнае веданне сітуацыі і падзеяў ва Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропе і вітаў далучэнне да НАТА Харватыі і Албаніі.Удзельнікі сустрэчы даслалі зварот да Прэзідэнта, дзе ўздымалі важныя для краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы пытанні. Удзельнікі сустрэчы віталі далучэнне да НАТА Харватыі і Албаніі, заклікалі прадставіць Украіне і Грузіі карту далучэння да НАТА (MAP status). Таксама ўдзельнікі віталі пашырэнне бязвізавай праграмы і далучэнне да яе краінаў Балтыі. Удзельнікі выказалі падтрымку цікавасці ЗША да дыверсыфікацыі паставак энергіі ў краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, каб зменшыць залежнасьць гэтых краінаў ад Расіі. Таксама прысутныя на сустрэчы заклікалі не скарачаць фінансаванне незалежных сродкаў масавай інфармацыі.Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам адбылася цэрымонія падпісаньня пратаколу далучэння да НАТА Албяніі і Харватыі. Цэрымонія адбылася ва Ўсходнім пакоі Белага Дома. Перад падпісаннем пратакола Джордж Буш з'вярнуўся да ўдзельнікаў з прамовай: “Доўгатрывалая сіла НАТА - гэта сведчанне працяглай сілы свабоды. Пашырэнне Альянса будзе весці да больш бяспечнай і поўнай надзеі свету. Гісторыя Албаніі і Харватыі можа быць светам для тых, хто застаецца ў цемры тыраніі. І, можа, ваш прыклад дапаможа ім ісці да святлейшага дня.”Пасля Прэзідэнта да прысутных звярнуўся Генеральны Сакратар НАТА Генерал Ян Де Хуп Шэфер, які вітаў новых сябраў НАТА і адзначыў вялікую ролю Прэзідэнта Буша ў пашырэнні Альянса.Завершылася цэрымонія падпісаньнем пратаколу Прэзідэнтам ЗША Бушам. Удзел у сустрэчы з Прэзідэнтам і ў цэрымоніі прыёму новых сябраў у НАТА – гэта вялікі гонар для Беларусаў ЗША, для сябраў Беларуска-Амерыканскага Задзіночання і Згуртавання Беларускай Моладзі ў Амерыцы, гэта прызнанне іх ролі ў змаганні за дэмакратыю на Беларусі.Дапамагай нам Бог! Жыве Беларусь!Паводле сайта "Згуртаванне беларускай моладзі Амерыкі"
Фота ЗБМА і www.whitehouse.gov