Пабачыла свет кніга “Беларусы Аўстраліі”
Нядаўна пабачыла свет новая кніга “Беларусы Аўстраліі: А хто там ідзе?”. Яе аўтарам з’яўляецца прадстаўнік апошняй хвалі эміграцыі, сакратар Беларускага Гістарычнага Згуртавання ў Аўстраліі і стваральнік сайту, прысвечанага аўстралійскім беларусам Віктар Кавалеўскі. Кніга вялікага фармату (А4) са значнай колькасцю ілюстрацый і дадаткам двух DVD абяцае стаць адметнай з’явай у беларускім эміграцыязнаўстве. “Беларусы Аўстраліі: А хто там ідзе?” — гэта спроба аўтара разабрацца ў шматлікіх і даволі складаных пытаннях гісторыі беларускай дыяспары ў Аўстраліі, зразумець тыя шляхі, што прыводзілі яго папярэднікаў на аўстралійскі кантынент, матывы іх грамадскай актыўнасці, асаблівасці жыцця ў розных беларускіх асяродках і г.д. На падставе сабранага Беларускім Гістарычным Згуртаваннем ў Аўстраліі шырокага комплексу дакументальных і эпісталярных крыніц, а таксама адмыслова запісаных успамінаў беларусаў паваеннай эміграцыі Віктар Кавалеўскі асвятляе дзейнасць беларускіх арганізацый і іх лідэраў. У адмысловай прэамбуле кнігі даюцца адказы на магчымыя пытанні адносна таго, як і для каго яна стваралася. Аўтар адзначае, што ставіў перад сабою мэту: “дасягнуць у гэтай кнізе найбольшага дакументальнага насычання, увесці ў кнігу як мага больш сцвярджаючых існаванне беларускага нацыянальнага руху ў Аўстраліі дакументаў, асабістых запісаў лідэраў беларускага руху, выявіць іх ролю, адзначыць асаблівасці развіцця беларускіх грамад у розных гарадах Аўстраліі” (С. 18). Пры гэтым Віктар Кавалеўскі сцвярджае, што ня меў намеру зрабіць кнігу навуковай. І сапраўды, праца гэтага аўтара — хутчэй спроба адказаць самому сабе на пытанне, хто такія беларусы Аўстраліі.Свае пошукі Віктар Кавалеўскі пачынае здалёк, высвятляючы для чытачоў, што такое Беларусь, і чаму ў розныя часы з яе эмігравала насельніцтва. Больш падрабязна спыняецца аўтар на падзеях эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны, жыцці беларускіх бежанцаў у Нямеччыне, лагерох ДП, рэпатрыяцыі, дэпартацыях і інш. Асобным раздзелам у кнізе прадстаўленая гісторыя Аўстраліі і асаблівасці яе міграцыйнай палітыкі, у іншым месцы аўтар змяшчае ацэнку сённяшніх магчымасцей эміграцыі ў Аўстралію (гэты тэкст быў апублікаваны ў некалькіх сёлетніх нумарах “Беларуса”). Найбольшая ж частка кнігі прысвечаная менавіта падзеям беларускага жыцця ў Аўстраліі: ад прыезду першых беларусаў да сучаснасці. Для зручнасці чытача аўтар спачатку падае адмысловую хроніку падзеяў беларускага нацыянальнага руху ў Аўстраліі, а ў канцы дадае разнастайныя сістэматызаваныя даведнікі па беларускіх арганізацыях, друкаваных выданнях, біяграфіях дзеячаў. Адмысловым дадаткам да кнігі з’яўляюцца два DVD з сістэматызаванай дадатковай інфармацыяй. Першы з іх уяўляе сабою невялікую мультымедыйную энцыклапедыю Беларускай Аўстраліі, а на другім запісаныя відэаўспаміны некалькіх беларускіх дзеячаў, а таксама відэазапіс аднаго з нацыянальных святаў у Мельбурне з выступам мясцовай беларускай групы “Каліна”.У працы над гэтай кнігай шмат дапамагалі аўтару беларусы паваеннай эміграцыі, асабліва а. Міхась Бурнос, св. пам. Павал Гуз, св. пам. Алег Шнэк, якія выступалі рэдактарамі асобных частак. Гэтым асобам належыць адмысловая падзяка ня толькі аўтара, але і чытачоў гэтай кнігі.Кніга “Беларусы Аўстраліі: А хто там ідзе?”, безумоўна, не пазбаўленая хібаў, і аўтар заклікае чытачоў адкрыта выказваць свае заўвагі да зместу. Трэба спадзявацца, што гэта не апошняя праца Віктара Кавалеўскага, і што прапанаванае ўвазе чытачоў выданне знойдзе жывы водгук і зойме сваё месца ў гістарыяграфіі беларускай дыяспары.Па пытаннях замовы кнігі неабходна звяртацца да яе аўтара на адрас: viktor@adam.com.au Наталля ГАРДЗІЕНКА, газета “Беларус”