Беларуска – пераможца конкурсу (ЗША)

Пачэсным тытулам “Міс Талент” была ўзнагароджана 11 жніўня ў Нью-Ёрку 16-гадовая  Даша Катовіч. Для беларусаў падзея цікавая тым, што дзяўчына родам з Мінска. Даша прыехала з маці ў Амерыку ўсяго тры гады таму, але, як бачна, не разгубілася і смела асвойвае амерыканскі лад жыцця. Дзяўчына паспяхова вучыцца ў школе, мае граматы за добрыя адзнакі ў матэматыцы і ангельскай, займаецца спортам, лепшая спартоўка ў класе па бегу. Другі год яна вучыцца  ў школе мастацтваў імя Шастаковіча ў Брукліне, займаецца там эстраднымі танцамі. Менавіта танцамі яна і заслужыла тытул “Міс талент”. Захапленне танцамі ў Дашы ад маці Вікторыі і бабулі Людмілы. Бабуля і запісала Дашу на ўдзел у вядомым агульнаамерыканскім конкурсе “National American Miss”. Ён праводзіцца штогод у два этапы. Спачатку праводзяцца конкурсы ў гарадох і штатах, а потым  фінал – у Каліфорніі. Як жыхарка Нью-Ёрку, Даша брала ўдзел у гарадскім конкурсе, які адбываўся  9-11 жніўня. Менавіта там яна і была прызнаная найбольш таленавітаю з 200 удзельнікаў у групе падлеткавай моладзі, журы так высока ацаніла яе танцавальнае выступленне. Сёлета тытул “Міс Нью-Ёрк” атрымала цёмнаскурая спявачка, а Даша выйшла пасля яе на другое месца ў агульным конкурсе. Дзяўчына ўжо мае запрашэнне на ўдзел у фінале конкурсу ў Каліфорніі, які будзе праходзіць у лістападзе.На маё пытанне, як яна рыхтуецца да фіналу, Даша дала нечаканы адказ. Яна сказала, што не паедзе гэтым разам ў Каліфорнію, а лепш паспрабуе ізноў у наступным годзе ўзяць удзел у гарадскім конкурсе і заняць першае месца, стаць “Міс Нью-Ёрк” і толькі тады ісці ў фінал. Вось такі характар і такая ўпэўненасць у сваіх сілах. Прызнаюся, што мяне гэта прыемна здзівіла . Але добра падрыхтавацца да новага конкурсу для Дашы будзе вельмі ня проста, бо цяпер яна вучыцца ў апошняй 12-й клясе школы і будзе мець выпускныя экзамены, а пасля гэтага трэба будзе рыхтавацца да вучобы ў каледжы. Дзяўчына вельмі любіць вучыцца і хоча працягваць адукацыю далей. Яна ўжо выбрала для сябе будучую прафесію, марыць вывучаць юрыспрудэнцыю.Даша марыць таксама паехаць на Радзіму, пабачыць родных і сяброў, па якіх вельмі сумуе. Але, толькі часова, бо ў Амерыцы ёй падабаецца, і найбольш тое,  што тут больш магчымасцяў для самарэалізацыі. Аднак, як прызнаецца дзяўчына, поспехі – гэта ня толькі яе ўласная заслуга, але і вялікая дапамога яе родных – бабулі і маці, яны прыкладаюць шмат высілкаў, каб дапамагчы Дашы выйсці на самастойную годную жыццёвую дарогу. Па словах  Дашы, бабуля Людміла здолела паказаць ёй, якім цікавым можа быць жыццё, калі добра вучыцца і працаваць.Ганна СУРМАЧ, газета “Беларус”