Беларуская музыка гучыць у Чыкага (ЗША)
Гэты цікавы незвычайны канцэрт камернага сімфанічнага аркестру “Tutti” (“Мы – разам”) пад кіраўніцтвам эмігранта з Беларусі дырыжора Анатоля Лысенкі адбыўся нядаўна ў адной з прыгожых залаў чыкагскага прыгараду Нортфілд. Упершыню за межамі Беларусі прагучаў “Канцэрт для цымбалаў і аркестру” сучаснага беларускага кампазітара Ўладзімера Кур’яна, вядомага сёння на радзіме інструментальнай, сімфанічнай, песеннай музыкай і музыкай да многіх спектакляў тэатра імя Я. Купалы. Увогуле, такі канцэрт – даволі рэдкі музычны жанр, у якім інструмент, які прыйшоў з фальклорнай гісторыі і глыбінь народнага жыцця, гучыць арыгінальна і гарманічна разам з класічнымі інструментамі традыцыйнага сімфанічнага аркестру. На гэтым чыкагскім канцэрце ўсю прыгажосць і нечаканыя магчымасці гучання цымбалаў дала нам адчуць салістка Ірына Грыгаровіч, бліскучы майстар ігры на гэтым інструменце. Мы пачулі вялікае па дыяпазоне тэмбарнае гукавое багацце цымбалаў, пачулі, якія арганічныя і натуральныя могуць быць яны разам з гучаннем струнных, духавых, ударных... Захаплялі новыя рытмы і сучасныя музычныя інтанацыі, нечаканыя змены тэмпарытму і ўзроўню гучання ад піяніна да forte. Мы адчулі асаблівую насычанасць гэтага твору Уладзімера Кур’яна ўнутраным драматызмам, паліфаніяй агульначалавечых і асабістых інтанацыяў, рухам пачуццяў і перажыванняў, адчулі і эмацыйныя адносіны выканаўцы да перадачы меладычнай і рытмічнай сваеасаблівасці гэтага твору. Ірына Грыгаровіч дасканала валодае тэхнікай ігры на цымбалах, захапляючы і зачароўваючы нас, слухачоў, арыгінальнымі меладычнымі і ўдарна-шумавымі (скажам так) магчымасцямі цымбалаў. У Амерыцы былая салістка Дзяржфілармоніі жыве ўжо болей за 10 гадоў, выступае, на жаль, даволі рэдка. Хацелася б пажадаць, каб мы часцей сустракаліся на яе цымбальных канцэртах у нашай беларуска-амерыканскай (і ня толькі) супольнасці. – Музыка кампазітара Уладзіміра Кур’яна мне добра вядомая, – расказала пасля канцэрту Ірына Грыгаровіч. – Але гэты «Канцэрт для цымбалаў» быў напісаны, калі я жыла ўжо тут, я раней яго ня ведала. І была вельмі ўражаная тым, што мова ягоная – зусім іншая, зусім ня тая, да якой мы, цымбалісты, прызвычаіліся. У свой час я пераіграла амаль усё, што беларускія кампазітары напісалі для цымбалаў. Таму мне было вельмі цікава сыграць менавіта гэты твор Кур’яна. Натуральна, узнікалі пытанні: як да яго падыйсці. Бо тут – іншыя рытмы, другі час, іншыя інтанацыі, іншыя праблемы. Музыка, пэўна, ня можа ўвесь час быць гэткай, як раней. Новая музычная мова, новыя формы, – і ўсё гэта вельмі цікава. У гэтым «Канцэрце для цымбалаў» гучыць музыка дваццаць першага стагоддзя з новым разуменнем духоўных праблемаў і новым трагізмам. Таму было вельмі цікава выконваць яе, выкарыстоўваючы ўсе магчымасці і эфекты такога нашага традыцыйнага беларускага інструменту як цымбалы. Музыка гэтага «Канцэрту» дае магчымасць выказаць і сваё разуменне новага стагоддзя і ягоных праблемаў, разуменне сябе і сваёй душы менавіта сёння тут, удалечыні ад радзімы. У праграме канцэрту прагучаў таксама яскравы «Беларускі сувенір» Яўгена Глебава –сімфанічная паэма майстра, які, на вялікі жаль, рана пайшоў з жыцця. Гэты твор – сваеасаблівая маленькая сімфонія, п’еса для аркестру, у аснове якой – народная песенная мелодыка і сучасныя пачуццёвыя інтанацыі і рытмы. Выконвалася яна ў аўтарскай аркестроўцы дырыжора Анатоля Лысенкі, якая з асаблівай сілай падкрэслівае і дасканаласць формы твору, і ягоны, заснаваны на традыцыях, агульначалавечы пачатак. Цудоўна гучаў і лірычны ўступ, і пераходы да мелодыяў беларускіх нацыянальных песняў і танцаў, і нечаканае шматгалоссе такой лірычнай «Перапёлачкі»... Слухачы яшчэ раз пераканаліся ў цудоўным ансамблевым гучанні ўсіх інструментаў гэтага невялікага па складу камернага аркестру. Анатоль Лысенка нарадзіўся ў Бабруйску, ён – выхаванец Беларускай кансерваторыі і спецыяльнага класу дырыжораў у Пецярбургу пад кіраўніцтвам вядомага маэстра Іллі Мусіна. У Мінску Лысенка працаваў з аркестрамі дзяржфілармоніі, кансерваторыі, радыё, тэлебачання і іншымі сімфанічнымі калектывамі. У Амерыцы ён з 2000 году, у Чыкага ў 2005 годзе арганізаваў арыгінальны камерны сімфанічны аркестар «Tutti», які апошнім часам выступае з такімі вось цікавымі канцэртамі. «Мы – разам», – так перакладаецца назва гэтага калектыву, аснову якога складаюць маладыя музыканты Chicago Civic Orchestra. Аркестар «Tutti» працуе ў цесным кантакце з арганізацыяй «American Music Festival», якой кіруе вядомы ў Чыкага музыкант і дырыжор Філіп Сімманс. Анатоль Лысенка ганарыцца тым, што амаль ва ўсіх праграмах канцэртаў «Tutti» гучыць беларуская музыка. «Як правіла, мы выконваем творы беларускіх кампазітараў у маёй аркестроўцы альбо ў маёй рэдакцыі, – прызнаўся ў нашай гутарцы Анатоль Лысенка. – Большасць з таго, што мы выконваем, гучыць упершыню ў Амерыцы. Мы лічым, што гучанне беларускай музыкі у нашых праграмах – гэта сваеасаблівае выяўленне беларускай духоўнасці менавіта беларускай грамадой у нашым Чыкага». Цалкам згаджаючыся з музыкам, хочацца пажадаць калектыву «Tutti» новых творчых поспехаў у абраным напрамку.Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ, газета “Беларус”