Цягам двух апошніх дзён у Берліне, у будынку бундэстага, адбывалася міжнародная праваабарончая канферэнцыя. У форуме на тэму "Беларусь пасля выбараў: Ці час для палітычнага збліжэння?" прынялі ўдзел і дэпутаты нямецкага парламенту. Падчас канферэнцыі былі абмеркаваныя актуальныя праблемы развіцця адносінаў паміж Еўропай і Беларуссю.
У часе міжнароднай канферэнцыі ў Берліне беларускія палітыкі і праваабаронцы разам з нямецкімі парламентарамі і прадстаўнікамі грамадскасці абмеркоўвалі ўзровень адкрытасці і адпаведнасці міжнародным нормам мінулых выбараў у беларускі парламент, сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, а таксама магчымыя крокі Еўропы ў дачыненні да Беларусі. Па меркаванні аднаго з удзельнікаў канферэнцыі, намесніка старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраславаў Раманчук, правядзенне такіх шырокіх форумаў і з’яўляецца залогам усебаковага і шматпланавага разляду пытання.- Апроч праваабаронцаў я меў даручэнне ад імя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў агучыць наша стаўленне адносна парламенцкіх выбараў, якіх фактычна ў Беларусі не было. І вельмі прыемна, што гэту пазіцыю падтрымалі не толькі іншыя прадстаўнікі з беларускага боку, але і еўрапейскія палітыкі, якія ўдзельнічалі ў форуме. Мы таксама казалі пра неабходнасць далейшага ўдзелу ў перамовах з Захадам такога суб’екту беларускай палітыкі, як АДС.Апроч Раманчука з беларускага боку ў дыскусіі, арганізаванай парламенцкай фракцыяй бундэстагу "Саюз 90 / Зялёныя" і нямецкімі фондамі Генрыха Бэля і Конрада Адэнаўэра, прынялі ўдзел старшыня БХК Алег Гулак, эксперт рэспубліканскага Руху "За свабоду" Алесь Лагвінец, а таксама заснавальнік праваабарончага цэнтру “Вясна-96” Алесь Беляцкі.- Погляды былі больш аптымістычныя, менш аптымістычная, але самае галоўнае, што адзначу, - еўрапейскія палітыкі разумеюць агульную сітуацыю ў Беларусі і ў іх няма нейкіх ружовых, я бы сказаў, ілюзіяў, што беларускую сітуацыю можна вырашыць за два прыёмы. Усе разумеюць, што наперадзе ў нас вельмі вялікая праца, вельмі далёкі яшчэ шлях, хуткасць прасоўвання па якім будзе вагацца ў большы ці меншы бок, і будзе залежыць перш за ўсё ад сітуацыі ў самой краіне.Так па меркаванні палітыкаў і праваабаронцаў, правядзенне міжнародных форумаў такога кшталту з’яўляецца ў цяперашні час вельмі важным і нясе ў сабе пэўныя гарантыі ад прыняцця няўдалых рашэнняў тымі ці іншымі ўдзельнікамі далейшага дыялогу па беларускім пытанні.
Паводле "Радыё Рацыя"