Творчая сустрэча з Андрэем Хадановічам (Літва)
Днямі ў ЕГУ адбылася творчая сустрэча з паэтам, перакладчыкам, крытыкам і бардам Андрэем Хадановічам. Такія “Віленскія спатканні” праводзяцца ў рамках літаратурна-гістарычнага конкурсу эсэ “Лаздзіну Пяледа і Вацлаў Ластоўскі: крыўскія міфы і гістарычныя лёсы”.Гэтым разам Андрэй Хадановіч выступаў больш як паэт-перакладчык у тандэме са сваім літоўскім калегам рэжысёрам, паэтам і перакладчыкам Альвідасам Шляпяўскасам. Прысутныя пачулі вершы ў выкананні аўтараў і іх пераклад на літоўскую і беларускую мовы.Як распавяла каардынатарка конкурсу Надзея Шакун, сустрэча літоўскіх і беларускіх творцаў на “Віленскіх спатканнях” ужо стала традыцыяй. Увесну прайшла імпрэза з удзелам Арцёма Кавалеўскага (паэт, перакладчык, рэдактар, удзельнік легендарнага Бум-Бам-Літу) і Ёнаса Ліняўскаса, кіраўніка Літоўскага саюзу пісьменнікаў; пісьменнік і публіцыст Уладзімір Арлоў выступаў разам з выбітным літоўскім паэтам Карнеліюсам Плацялісам.Заўтра, 9 кастрычніка, ЕГУ запрашае ўсіх ахвочых на сустрэчу з Алесем Разанавым і Альмай Лапінскене, таксама з нізкі “Віленскія спатканні”.Паводле газеты "Свабода"