Персанальная выстава В. Целеша (Латвія)

4 кастрычніка бягучага года ў Рызе, у доме Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч адчынілася персанальная выстава Вячкі Целеша "Датыкненні часу", прысвечаная 70 - годдзю мастака. На выставе прадстаўленыя больш за 100 прац  жывапісу, графікі ды экслібрысаў, якія змясціліся ў двух залях.Назва выставы сведчыць аб тым, што на ёй прадстаўленыя працы, зробленыя мастаком у розныя гады. Гэта партрэты і акты 60-х і 70-х гадоў, пейзажы, нацюрморты і партрэты 90-х і цяперашняга стагоддзя. Найбольш у экспазіцыі прадстаўленая графіка.Жывапісныя творы В.Целеша ў асноўным запазычаныя на час выставы з прыватных калекцый, бо калі ў 1993 г. майстэрню "Беларускую хатку" на вул. Брывібас, 40 мастаку прыйшлося аддаць гаспадару дома, то займацца жывапісам доўгі час не было магчымасці, як і захоўваць працы да гэтага часу не было  дзе. Адвезеныя ў 1992 годзе амаль усе жывапісныя працы ў Беларусь для выставаў там і засталіся ў музеях і прыватных зборах Мінска,Гародні і п. Краснасельскага.Працы апошніх гадоў пісаліся ў асноўным па заказам, таму для выставы мастаку прыйшлося збіраць іх з прыватных збораў. Не гледзячы на гэта, прац назбіралася шмат, адных экслібрысаў каля 60. Гасцей на адкрыцці выставы таксама сабралася каля 100 чалавек.Віншаваць мастака прыйшлі землякі, калегі па пэндзэлю, па працы, сябры, вучні, студэнты. Сярод іх — старшыня АНКТЛ прафесар Латвійскай акадэміі музыкі Рафі Хараджанян, настаўнікі Рыжскай Беларускай асноўнай школы на чале з дырэктарам Ганнай Іванэ, прафесар Латвійскага універсітэту Ілга Апінэ, доктар фізіка-матэматычных навук Наталля Цімаховіч,прэзідэнт Інстытута мэнэнджмэнта інфармацыйных сістэм прафесар Раман Дзьякан з калектывам педагогаў і загадчыцай кафедры Культуры і мастацтва Алінай Літвіненка (менавіта ў гэтым інстытуце зараз працуе дацэнтам Вячка Целеш), сябры Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак".Павітаць свайго старшыню прыйшлі сябры аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар". З самых першых дзён заснавання суполкі і да сёняшняга часу Вячка Цялеш зяўляецца яе нязменным кіраўніком.Слыннага беларускага мастака віншавалі латышскія мастакі  Андрэй і Юрыс Германісы, Імант Озоліньш разам са старшынёй Саюза Мастакоў Латвіі Мартыньшам Хэймратам, украінскі мастак Георгій Круты, расейскі мастак Валерый Макавой,  оперная спявачка Нэлі Вонаг-Шаўчэнка, прадстаўніца расейскай творчай інтэлігенцыі паэтка і кампазітар Светлана Вадалей, дырэктар Рыжскай 71 сярэдняй школы, дзе В.Целеш ужо шмат гадоў выкладае ў мастацкай студыі "Нордэка", Валерый Амбросімаў і яшчэ шмат сяброў , знаёмых і блізкіх мастака, выпускніца Рыжскай Беларускай асноўнай школы ўнучка Аліна. А колькі сяброў у самых розных кутках свету ў гэтыя восеньскія дні добрым словам прыгадвалі мастака, многія з іх былі б рады вітаць Вячаслава Міхайлавіча на яго юбілейнай выставе. Прывітаннем з радзімы сталі вершы Рыгора Барадуліна і Сяргея Панізніка, якія  ў свой час яны прысвяцілі мастаку. Іх на вечарыне прачытала Таісія Бачкарова.Сардэчныя словы віншаванняў перагукаліся з музычнымі кампазіцыямі. Асаблівую сардэчнасць і ўзнёсласць імпрэзе надало выступленне маладой беларускай спявачкі Людмілы Ігнатавай, якая ўпрыгожыла вечарыну выкананнем оперных арый. Да слёз кранула прысутных і «Купалінка», якую Людміла выканала дуэтам са сваёй малодшай сястрой Лаурай. Дарэчы, абедзве юныя спявачкі - былыя выхаванкі дзіцячай мастацкай студыі «Вясёлка». Свой музычны падарунак мастаку прыгатавала сябра «Сьвітанка» Наталля Камілеўская - нізку цудоўных рамансаў.Цёплымі ўсмешкамі, шчырымі пажаданнямі, сяброўскай удзячнасцю быў сагрэты гэты дзень, які стаў сапраўдным святам беларускага мастацтва ў латвійскай сталіцы. І як знак павагі і пашаны - залатыя кветкі рыжскай восені,   любімай пары мастака, і спадзяванні на новыя сустрэчы і датыкненні да яго творчасці .Юбілейная выстава мастака Вячаслава Міхайлавіча Целеша будзе працаваць да 1 лістапада гэтага года.  Паводле "Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак"Фота можна паглядзець на сайце Таварыства