Прадстаўнікі роду Радзівілаў перадалі ў музей матэрыялы
Прадстаўнікі магнацкага роду Радзівілаў перадалі Беларусі матэрыялы па гісторыі сваіх продкаў, паведамляецца у прэс-рэлізе амбасады Беларусі ў Польшчы.Перадача адбылася ў Варшаве падчас сустрэчы пасла Беларусі ў Польшчы Паўла Латушкі з польскімі прадстаўнікамі роду Мацеем і Каралем Радзівіламі. Яны перадалі два арыгінальныя прыжыццёвыя гравюрныя партрэты XV і XVI стагоддзяў Януша і Мікалая Радзівілаў. Гравюры набыў Мацей Радзівіл на аўкцыёнах у Германіі. Акрамя таго, былі перададзены лічбавая копія партрэта Барбары Радзівіл і актуалізаванае генеалагічнае дрэва роду Радзівілаў. Нашчадкі Радзівілаў выказалі жаданне ўбачыць гэтыя падарункі ў адноўленым Радзівілаўскім замку ў Нясвіжы, а таксама выказалі гатоўнасьць аказаць фінансавую дапамогу ў вырабе якасных лічбавых копій партрэтаў Радзівілаў, якія знаходзяцца ў музеях Варшавы.Міністэрства культуры Польшчы афіцыйна праінфармавала амбасаду, што ў адпаведнасці са зваротамі дыпмісіі вядзецца праца па падрыхтоўцы лічбавых копій 48 партрэтаў Радзівілаў, якія знаходзяцца ў фондах варшаўскіх музеяў, для перадачы ў экспазіцыю Нясвіскага замка.Пры садзейнічанні амбасады 2—4 кастрычніка ў Нясвіжы адбудзецца пасяджэнне групы беларускіх і польскіх экспертаў па пытаннях нясвіскіх помнікаў з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, а таксама англійскага навукоўца Анджэя Цеханавецкага.Разам з Міністэрствам культуры Польшчы амбасада займаецца арганізацыяй ў другой палове кастрычніка гэтага года стажыроўкі групы беларускіх спецыялістаў, якія ствараюць музейную экспазыцыю ў Нацыянальным гісторыка-культурным запаведніку "Нясвіж". Стажыроўку плануецца правесці на базе Каралеўскага замка, Нацыянальнага музея Польшчы і Вілянаўскага палацава-замкавага комплексу ў Варшаве.Паводле "Хартыі-97"