Аб абароне мовы, культуры, свабоды і незалежнасьціМы, удзельнікі 28-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі, сабраўшыся ў Вольным Сьвеце, з шырокім прадстаўніцтвам беларускай грамады ЗША і Канады, а таксама Бацькаўшчыны-Беларусі й усяго сьвету, Канстатуем, што антынацыянальны, антыдэмакратычны рэжым у Беларусі пазбавіў большасьць яе жыхароў рэальных грамадзянскіх і чалавечых правоў, улучна з правам карыстацца беларускай мовай, атрымліваць на ёй сыстэмную адукацыю й інфармацыю. У адрозьненьні ад нас тут прысутных, беларусы на Бацькаўшчыне пазбаўленыя права на свабодныя выбары, свабоду слова, свабоду сходаў. Пратэстуем супраць перасьледу нацыянальных дэмакратычных сілаў у Беларусі, супраць гадлю беларускай незалежнасьцю, супраць разбурэньня гістарычнай памяці, культурных набыткаў і традыцыяў, і вынішчэньня ўсяго нацыянальнгага, што праводзіць цяпер пра-маскоўскі рэжым Лукашэнкі. Пратэстуем супраць адкрытага цынічнага парушэньня рэжымам Лукашэнкі выбарчых правоў беларусаў, і супраць анты-дэмакратычнай выбарчай кампаніі, вынікі яккой не могуць быць прызнаныя законнымі. Пратэстуем супраць намераў стварэньня ваенна-палітычнага саюзу з Расеяй, супраць вяртаньня расейскіх ракетаў і ядзернай зброі ў Беларусь, супраць прысутнасьці расейскіх войскаў у любой форме. Заяўляем, што толькі вольная і сапраўды незалежная ад вонкавых сілаў Беларусь зможа стаць сапраўднай дзяржавай для беларускага народу і сапраўдным домам для беларускай культуры, мовы і традыцыяў. Выказваем падтрымку грузінскаму народу ў ягоным супрацьстаяньні расейскай агрэсіі, і заяўляем, што толькі салідарнасьць народаў якія былі паняволеныя Расеяй, можа спыніць спробы адраджэньня імпэрскіх амбіцыяў Расеі. Заклікаем беларусаў і сяброў Беларусі на Бацькаўшчыне і ў сьвеце яднацца для падтрымкі свабоды і незалежнасьці Беларусі, для супрацьстаяньня дыктатарскаму рэжыму і спробам Расеі аслабіць і зьнішчыць беларускую дзяржаўнасць. Кліўланд, ЗША 31 жніўня 2008 г. Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, Згуртаваньне Беларусаў Канады
13.02.2018
Скарынаўская бібліятэка ў Лондане