Віцэ-мэр Беластока разважае пра агульныя каштоўнасці

Збіраючыся ў Беласток, пра моўны бар’ер я нават не думала. Як-ніяк, еду ў галоўны цэнтр нацыянальнай беларускай меншасці ў Польшчы... Аднак сяброўкі, якія ў свой час актыўна вывучалі самы ўсходні польскі горад з пункту гледжання шопінгу, моцна ўсумніліся ў паспяховасці майго намеру без ведання польскай мовы акунуцца ў мясцовае жыццё, не абмяжоўваючы тэмы асартыментам тутэйшых крам. Маўляў, нашу “мову” там цяпер разумеюць адзінкі, так што агляд славутасцяў без правадыра можа стацца цяжкім…Тым не менш ледзь ступіўшы на перон беластоцкага вакзала, я зразумела, што мяне чакалі. Да нашых суайчыннікаў тут па-ранейшаму ставяцца вельмі добразычліва, хоць па-беларуску ў Беластоку сапраўды ўжо амаль ніхто не размаўляе. Аднак першыя ж спробы загаварыць з прахожымі на роднай для мяне мове пераканалі, што хвалявацца няма чаго. Пра свае беларускія карані Беласток памятае, размаўляць з мясцовым людам тут няцяжка як па-беларуску, так і па-руску. А калі пашанцуе, дык можна даведацца нават некалькі цікавых сямейных гісторый, у якіх моцна пераплялася гісторыя Польшчы і Беларусі. Прызнаўшы ўва мне беларуску, паны і паненкі, якіх я бачыла ўпершыню ў жыцці, спяшаліся распавесці пра сабе і сваіх беларускіх сваякоў, клікалі ў госці... Напэўна ж гэты візіт у Беласток быў не апошнім — мне сапраўды хочацца вярнуцца туды яшчэ не раз. І нагодаў для гэтага, як я зразумела з нашай гутаркі з віцэ-мэрам горада Аляксандрам Соснай (дарэчы, таксама беларусам), будзе ў будучыні нямала.— Афіцыйна, паводле дзеных апошняга перапісу насельніцтва, у Польшчы сёння жыве амаль 50 тысяч беларусаў, прычым у асноўным на Беласточчыне. Напэўна вы, Аляксандр Рыгоравіч, можаце назваць іншыя — неафіцыйныя — лічбы?— Па сутнасці, гэта тыя 50 тысяч, якія адкрыта прызналі, што яны не палякі. Але вызначыць колькасць беларусаў у Польшчы можна і па-іншаму. Паляк — ён, як правіла, католік. Праваслаўныя тут — гэта амаль заўсёды беларус, рускі або ўкраінец. Калі ўлічыць, што ў Польшчы цяпер прыкладна 400 тысяч праваслаўных, толькі па самых грубых падліках выходзіць, што беларусаў тут — не меней за 130 тысяч... Гэта значыць: мы тут заўсёды “былi, ёсць і будзем”.Аднак калі бацькі мае вучыліся ў беларускамоўных школах, то ў ліцэі, які я заканчваў, выкладалі ўжо толькі польскую і рускую мовы. Таму па-беларуску мне размаўляць цяжкавата, хоць выдатна мову разумею. Але калі хтосьці сцвя- рджае, што размаўляць па-руску або па-беларуску ў Польшчы лічыцца кепскім густам, то гэта — поўны абсурд. Проста пасляваеннае пакаленне вырасла ў іншых умовах, але гэта не перашкаджае многім з нас усведамляць сябе беларусамі.— Ведаеце, у Беластоку неяк па-асабліваму адчуваецца, што Беларусь і Польшча — не проста суседзі...— Ну, у рэшце рэшт, у нас агульныя славянскія карані. У дадатак мы прывыклі, што ад Беластока да Беларусі, як у вас гавораць, рукой падаць. Учора, напрыклад, мой сябар ездзіў у Гродна, дык я папрасіў яго прывезці мне буханку звычайнага чорнага хлеба — вельмі люблю беларускі... А на днях перагледзеў фільм, які ствараўся для сёлетняга кангрэса эсперантыстаў у Ратэрдаме (дарэчы, у наступным годзе Сусветны кангрэс эсперанта будзе праходзіць у нас, прыязджайце абавязкова!). Там мы спрабавалі паказаць сучасны Беласток, горад XXI стагоддзя, дзе заўсёды побач мірна суіснавалі палякі, беларусы, яўрэі, рускія, немцы, французы... І не дзіва, што менавіта тут нарадзіўся Людвік Заменгоф, які прыдумаў універсальную мову эсперанта... Дык вось, завяршаецца фільм беларускай песняй у выкананні нашага славутага фальклорнага ансамбля з вёскі Арэшкава. Гэта значыць: мы ганарымся сваімі беларусамі, разумееце? І калі хтосьці жадае навучаць сваіх дзяцей “беларускай мове”, гэта ўжо не прадстаўляе вялікай праблемы. У грамадскіх школах Беластока ёсць беларускамоўныя класы, а з леташняга верасня ў нас адкрылася першая недзяржаўная праваслаўная школа з вывучэннем беларускай мовы. Дарэчы, хачу яшчэ раз выказаць падзяку беларускаму пасольству і генеральнаму консульству за сталую дапамогу гэтай школе — у канцы навучальнага года, напрыклад, Беларусь падарыла вучням новыя кнігі і народныя касцюмы...— Нядаўна ў Беластоку адкрыўся і першы Беларускі культурны цэнтр у Польшчы...— Ведаеце, я радуюся гэтаму адначасна і як беларус, і як віцэ-мэр. Бо такі цэнтр мог з’явіцца і ў Варшаве... Але тут ён ужо адным фактам свайго існавання сведчыць: мы ёсць. Гэта значыць: беларусы ў Польшчы не забываюць пра свае карані, імкнуцца жыць адной сям’ёй са сваімі такімі роднымі суседзямі. Бо і ў Гродне жывуць пераважна тыя ж палякі і беларусы — ну што нам дзяліць? Вядома, я разумею, што ёсць палітыка на высокім узроўні, але для абмену выставамі, канцэртамі, спартыўнымі або музычнымі калектывамі не патрэбна палітыка! Досыць аднаго жадання запрасіць сяброў у госці...— Дарэчы, пра гасцей. Прайшлі часы, калі беларусы імкнуліся ў Беласток адно што па дэфіцытныя тавары, а ці чакаюць тут беларускіх турыстаў?— Для турыстаў Беласток хутчэй транзітны горад — усё ж такі славутасцяў у нас не так шмат, як, скажам, у Варшаве. Але пераначаваць, адпачыць або правесці тут выхадныя, на мой погляд, можна з вялікім задавальненнем. Калі б працэс атрымання візы быў прасцейшым, думаю, у беларусаў наш горад мог бы стаць папулярным месцам для ўік-энду — да Гродна ж бо ўсяго 70 кіламетраў... Прыязджайце да нас на Дні Беластока летам, гэта цэлых два тыдні святаў, і кожны дзень — вялікія канцэрты на галоўнай гарадской плошчы. Прыязджайце на Каляды, прыязджайце заў-сёды!.. Наогул, яшчэ нядаўна святы ў нас адзначаліся камерна, і Беласток лічыўся самым бяспечным горадам Польшчы. Быў адзіны супермаркет, ніякіх рэстаранчыкаў у цэнтры горада. Толькі ў навагоднюю ноч епіскап і мэр горада паднімалі каля касцёла бакалы з шампанскім, дзякавалі гараджан за падтрымку ў мінулым годзе — і пасля ўсе дружна расходзіліся па дамах. Цяпер гарадскія ўлады бачаць Беласток іншым: усюды адкрываюцца невялікія кафэ, канцэртныя пляцоўкі, утульныя тэатры, будуюцца новыя супермаркеты, моладзь па вечарах ужо не сядзіць дома, а гуляе па вуліцах... Пры гэтым, як і раней, наш горад захоўвае рэпутацыю самага бяспечнага ў Польшчы.Так што прыязджайце!Ірына Завадская

Паводле газеты  "Голас Радзімы"