Кавалачак Беларусі на карцінах Віктара Коласа (ЗША)

Віктар Колас – мастак, які прыехаў з Беларусі ў эміграцыю ў Амерыку параўнальна нядаўна, у 2004 годзе. Але цяпер мы маем магчымасць лепш пазнаёміцца з ім, дзяуючы выставе ягоных твораў, якая праходзіць у Чыкага ў Цэнтры “Forever Young”. Мастак піша пераважна пейзажныя творы, працуючы ў класічнай традыцыйнай манеры жывапісу. “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе ня маю сілы!” – міжволі прыгадваюцца гэтыя славутыя паэтавы радкі, калі глядзіш на карціны, якія тут экспануюцца. На большасці з іх – краявіды роднай Беларусі. Мы зачараваныя пейзажамі Віктара Коласа, што напоўненыя лірыкай, роздумам, часам радаснымі пачуццямі, часам сумнымі. І назвы гэтых палотнаў вельмі простыя і шчырыя. Вось “Восень” – твор, які перш за ўсё вабіць мяккай танальнасцю фарбаў. Мастак нібы запрашае пабыць разам з ім у гэтым цені дрэў, зірнуць адтуль з захапленнем на зялёны луг і лес, а потым на схіл узвышша ўдалечыні, асветленым сінявой лесу. Некаторыя дэталі пейзажаў мастак выпісвае дэталёва, з фатаграфічнымі падрабязнасцямі, некаторыя – больш абагулена, эмацыйна. У палатне “Бярозавы гай” адчуваецца захапленне стройнымі шэрагамі белых бярозак уздоўж звычайнай вясковай дарогі, такой пазнавальнай, што кліча проста пахадзіць там, палюбавацца той прыгажосцю. А вось “Старое рэчышча” – крыху іншы па настрою твор. Тут мы бачым куток беларускай зямлі, куды, відаць, ня так лёгка дабрацца. На беразе – зялёная сцяна лесу і каменні старой запруды. А водная паверхня рачулкі прыгожа адлюстроўвае высокія бела-сінія аблокі. Кампазіцыя гэтай карціны Віктара Коласа выклікае крыху сумны лірычны настрой, як і твор “Беларуская рачулка”, дзе прывабліваюць тонкія каляровыя адценні і пераходы.Зусім іншая інтанацыя чытаецца ў карціне “Зіма ў Беларусі”. Мы звяртаем увагу на перспектыву ўсяго пейзажу, на адценні колераў – сініх, белых, блакітных – у адлюстраванні мастаком неба і зямлі, пакрытай снегам. Цікавыя і прывабныя хаткі на сярэднім пляне, палосы кустоўніка, зноў усё тыя-ж бярозкі. Блізкая па настрою да гэтай і карціна “Вясковая вуліца” з так любоўна выпісанымі хаткамі ў агульнай светла-блакітнай гаме. Мы нібы адчуваем і тое, як марозна там, у тым месцы, у той час, калі мастак пісаў гэты пейзаж. І тым ня менш аўтар нібы запрашае нас наблізіцца да гэтых дамкоў, магчыма, зазірнуць у адзін з іх. У творы “Бярозкі ля ракі” прываблівае сваеасаблівая кампазіцыя: водная плынь між двух прывабных берагоў рачулкі, а таксама неба, аблокі, што адлюстроўваюцца ў паверхні вады. Сваеасаблівую сімволіку надаюць і цікава выпісаныя старыя каменні... Гэтымі і шэрагам іншых карцінаў мастак Віктар Колас, адкрыта і шчыра працягваючы традыцыі класічнага жывапісу, нібы запрашае нас зноў перанесціся туды, на тую зямлю, дзе ён нарадзіўся, палюбавацца прыгажосцю яе непаўторнай прыроды.А калі мастак прыехаў сюды, у Амерыку, ён хутка пераканаўся, што ў амерыканскай, асабліва сельскай пейзажнай натуры многа агульнага з беларускай у лірычным настроі, у сваёй прывабнасці. Віктар Колас і тут працягвае пісаць пейзажы, стараючыся ў сваёй кампазіцыйнай і фарбавай манеры перадаць прыгажосць і непаўторнасць маляўнічых куткоў амерыканскіх штатаў. Адна з такіх працаў так і называецца – “Адкрыццё Амерыкі”. Разам з аўтарам мы нібы стаім на ўзгорку каля хвоі сярод буянства жоўтых калоссяў і ружовых палявых кветак, і перад намі адкрываецца прываблівая далечыня. Цікавыя скалы з пясчанымі абрывамі, з загадкавым храмавым збудаваннем на адной з роўных пляцовак. А над усёй прасторай – сіняе неба з прыгожымі белымі аблокамі. Пейзаж перадае эмацыйную атмасферу спакою, радасці жыцця. У амерыканскіх пейзажах мастака, напісаных апошнім часам, з'яўляюцца цікавыя будынкі, арыгінальныя архітэктурныя збудаванні. Прываблівае, напрыклад, крыху загадкавая архітэктура двух царкоўных збудаваньняў у карціне “Зімовы пейзаж”, дзе каляровае адзінства зямлі і неба вельмі падобнае на беларускі ландшафт. Загадкавы будынак з шырокім падворкам сярод лесу – аснова кампазіцыі карціны “Арол у небе”. І тут – сімволіка радасці, прыгажосці жыцця. У такіх працах адчуваецца ўплыў на мастака ўжо амерыканскага жывапісу. У некаторых карцінах Віктара Коласа мы бачым, як у традыцыйную класічную жывапісную структуру нібы ўрываюцца матывы і настроі, блізкія да пошукаў імпрэсіяністаў. Гэта адчуваецца ў такіх працах мастака як “Акіянскі бераг”, “Вечар” і іншых. Эмацыйная загадкавасць добра адчуваецца ў пейзажы “Бачанне Аляскі”. Намаляваныя ў ім заснежаныя горы, елачкі, блакітная стыхія вады нібы запрашаюць нас у сваеасаблівую казку. Такая карціна – і гульня фантазіі, і агульнае ўражанне ад непаўторных амерыканскіх пейзажаў.Пра сябе Віктар Колас расказвае вельмі сціпла і сцісла. Нарадзіўся ў вёсцы Высокая гара Бярэзінскага раёну. Маляваць пачаў яшчэ у раннім дзяцінстве, натхнялі творы мастакоў-класікаў ХІХ стагоддзя. Працаваў у сельскай гаспадарцы, стараўся пісаць жывапіс ў кожны свабодны ад працы час. Але ўзніклі сур’ёзныя жыццёвыя праблемы, і было прынята рашэнне паехаць з сям’ёй у эміграцыю. Зараз жыве і працуе ў адной з кампаній у Чыкага.Першыя водгукі гледачоў гэтай выставы вельмі станоўчыя. Пажадаем-жа Віктару Коласу далейшых поспехаў у творчасці і ў новым жыцці.Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ, ЧыкагаПаводле газеты "Белараус" (жнівень, 2008)