У гэтым юбілейным для БНР годзе чэрвень быў асабліва багатым на падзеі ў маім жыцьці. Папярэдне толькі ў сакавіку сёлета, зь сьвяткаваньнямі 90-х угодкаў БНР у Эўрапарлямэнце ў Страсбургу, у Празе, у Парыжы, у Лёндане і Нью-Ёрку і паломніцтвам у Мансерат, спаткала столькі цудоўных, дабразычлівых людзей – суродзічаў і сяброў Беларусі – як у чэрвені.Пачаўся месяц з канфэрэнцыі “Эўрапейскае сумленьне і камунізм” у Празе, прысьвечанай гісторыі і сёньняшнім наступствам камунізму. Арганізатарамі канфэрэнцыі, якая адбылася ў чэскім Сэнаце, быў сэнатар Марцін Мэйстрык і дэпутатка Эўрапарлямэнту Яна Гыбашкова.Бралі ўдзел у канфэрэнцыі палітыкі і навукоўцы з краінаў, якія пацярпелі ці яшчэ церпяць ад камуністычных рэжымаў, у тым ліку прадстаўнік Далай-ламы, і паважаныя госьці з заходніх дзяржаваў. Канадзкі амбасадар прадстаўляў міністра мультыкультуралізма Канады Джасана Кенны, які ў апошні мамэнт ня змог прыехаць. Ад Беларусі на канфэрэнцыю былі запрошаныя таксама Зянон Пазьняк і намесьнік Старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык.Першым выступоўцам на канфэрэнцыі быў пісьменьнік і доўгагадовы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавел, які параўнаў два таталітарызмы – нацызм і камунізм – выказаў думку, што савецкі таталітарызм магчыма зрабіў болей шкоды чалавецтву, і што наступствы яго будуць больш трывалымі, таму што ён рабіў кожнага свайго падуладнага адначасна ахвяраю і сустваральнікам.Мяне запрасілі прамаўляць адразу пасьля сп. Гавэла. Зрабілі я свой даклад па-ангельску. Гаварыла пра злачынствы камунізму супраць чалавецтва і пра выкарыстаньне камуністычнай ідэалёгіі злачыннымі рэжымамі з мэтай акупаваньня чужых тэрыторыяў. На прыкладах паказала, да якой ступені Беларусь пацярпела ад абодвых аспэктаў камунізму. Пасьля дакладу дала некалькі інтэрвію прысутным СМІ.Зь вялікай увагай прысутныя слухалі таксама даклад Зянона Пазьняка, зроблены на нямецкай мове прысьвечаны Курапатам, угодкі адкрыцьця якіх супадалі з датамі канфэрэнцыі.Наступнай раніцай мусіла часова пакінуць канфэрэнцыю, каб даць інтэрвію па-беларуску разам з радным БНР Уладам Яндзюком чэскаму радыё.Вечарам ад’яжджала ў Варшаву, дзе назаўтра пачыналася беларуская канфэрэнцыя, прысьвечаная зьмене пакаленьняў, і на якой мяне папрасілі сказаць уступнае слова. Канфэрэнцыю, поўная назва якой “Зьмена пакаленьняў? Адрознасьці ў мэтах, каштоўнасьцях і стратэгіі”, арганізавала Вышэйшая школа гандлю і права імя Лазарскага ў Варшаве, Беларускі інстытут стратэгічных дасьледваньняў і часапіс “Arche”. Вялікі дзякуй належыць тут спадарству Дыньком, якія сваёй ахвярнай працай шмат спрычыніліся да якасьці і посьпеху канфэрэнцыі.У маім уступным слове я прыпомніла пра ўгодкі Курапатаў, паведаміла пра праскую канфэрэнцыю і выказала думку, што хаця гэтыя дні будуць прысьвечаныя абмеркаваньню сёньняшніх рысаў насельніцтва Беларусі, было-б карысна паказаць, што рысы гэтыя ня ёсьць адвечнымі характэрыстыкамі беларускага народу, і дзеля гэтага яны магчыма ня будуць вырашальнымі фактарамі ў грамадзкім разьвіцьці і дэмакратызацыі Беларусі. Бо людзкая генетычная памяць неймаверна магутная, і народ, які здолеў у 1918 годзе абвесьціць, пасьля больш стагодзьдзя папярэдняй няволі, СВАЮ Беларускую Народную Рэспубліку, знойдзе супольную мову і нарэшце здалее вызваліцца ад дыктатуры.Вялізаранай прыемнасьцю і задавальненьнем было пабачыць, часта ўпершыню, столькі беларускіх аднадумцаў, разумных і цудоўных людзей. Захапілася маладзёвымі выступленьнямі. Выехала з Варшавы як ніколі ўпэўненая, што наш высокаразьвіты і здольны народ гатовы заняць пачэснае месца між эўрапейскімі дэмакратыямі. Вечарам 5-га чэрвеня намесьнік Старшыні Рады БНР Вячка Станкевіч, які ўдзельнічаў у Варшаўскай канфэрэнцыі, зарганізаваў кароткае спатканьне зь сябрамі Рады БНР у Польшчы. Дазволіла нам гэта падзяліцца думкамі аб найнавейшых падзеях у жыцьці Рады БНР.Пасьля канфэрэнцыі ў Варшаве, па дарозе ў Скандынавію, завітала да сям’і ў Парыжы, дзе нядаўна нарадзіўся маленькі Тамаш Шыманец, унук майго брата Лявона.У Даніі мела вялікую прыемнасьць навязаць кантакт з нашай там маленькай грамадой. Пакладаю на іх вялікія надзеі аднавіць актыўнае беларускае жыцьцё ў Даніі, краіне якую моцна люблю і якую часта ўспамінаю, думаючы пра будучыню Беларусі.У Швэцыі спаткалася, якраз на Купальле, з надзвычай сьведамай беларускай групай моладзі і з рэдакцыяй беларускага радыё ў Швэцыі. Усім вельмі ўдзячная за так вельмі прыемныя спатканьні. У Швэцыі беларусаў шмат, і існуюць вялікія магчымасьці памагчы адраджэньню дэмакратычнай Беларусі. Як вельмі цікава расказвае ў сваіх кнігах наш гісторык у Швэцыі прафэсар Андрэй Катлярчук, сувязі паміж Беларусьсю і Швэцыяй існавалі ад найранейшых часоў нашай гісторыі, і Швэцыя і сёньня надзвычай прыхільна адносіцца да беларускага народу і зацікаўленая ягонай доляй. Спадзяюся, што яшчэ ня раз буду мець нагоду адведаць гэтую прыгожую краіну.Вярнулася ў Канаду з пачуцьцём вялікага задавальненьня чэрвеньскімі падзеямі маёй “дарогі”. Выказваю тут глыбокую ўдзячнасьць усім, хто да іх спрычыніўся. Івонка СУРВІЛЛА
Паводле газеты "Беларус" (жнівень, 2008)