Джым Дынглі, наш сябар з-за Ла-Манша
За Ла-Маншам, які аддзяляе Брытанскія астравы ад еўрапейскага кантынента, пашыральнікаў беларускай культуры ў свеце багата. Найпершы з іх, вядома, прафесар Лонданскага універсітэта Арнольд Макмілін, аўтар некалькіх грунтоўных кніг пра беларускую літаратуру, выдадзеных і ў Англіі, і ў Германіі, і ў Беларусі (дарэчы, нядаўна ён таксама нанёс візіт у рэдакцыю “Голасу Радзімы”). Многа і таленавіта перакладае беларускіх пісьменнікаў на англійскую мову паэтэса і матэматык па адукацыі, аўтар шматлікіх публікацый на чарнобыльскую тэму Вера Рыч — вось і сёлета ў Мінску пабачыў свет яе пераклад “Пінскай шляхты” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Першую ў англамоўным свеце граматыку беларускай мовы напісаў і двойчы выдаў прафесар Шэфілдскага універсітэта Пітэр Мэё. Дасведчаным знаўцам беларускай царкоўнай музыкі з’яўляўся Гай Пікарда, які прыязджаў кожнае лета ў Магілёў, каб удзельнічаць у рабоце журы фестывалю “Магутны Божа”. А перад смерцю завяшчаў, каб яго прах быў пахаваны каля касцёла ў Мінску, пра што наша газета нядаўна пісала. Падрастае і маладое пакаленне, якое я менш ведаю.І ўсіх гэтых прыхільнікаў беларушчыны арганізацыйна яднае прафесар Лонданскага універсітэта Джым Дынглі, які з’яўляецца старшынёй Англа-беларускага навуковага таварыства — калектыўнага сябра Грамадскага аб’яднання “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”. Нядаўна ён у чарговы раз наведаў Мінск, пабываў у нашай рэдакцыі. Паміж намі адбылася гаворка, якая вялася, зразумела, па-беларуску.— Гэта ж падумаць, спадар Джым, як хутка час бяжыць! Здаецца, нядаўна мы пазнаёміліся, а ўжо прайшло з таго часу дваццаць пяць гадоў з гакам. Тады, у 1982 годзе, у маю першую паездку ў Англію, памятаецца, мы разам удзельнічалі ў славістычнай канферэнцыі ў Кембрыджскім універсітэце. А потым вы згадзіліся падвезці мяне ў Оксфард. На паўдарозе мы спыніліся ў Рэдынгу, дзе вы тады выкладалі ва універсітэце славянскія мовы, заначаваў у вас. А раным-рана вы збіраліся пайсці ў святыню, каб званіць у званы — бо якраз пачынаўся адвэнт, перадкалядны пост. І я напрасіўся ў кампанію. Цягалі вы тады вяроўку, зняўшы паліто і нават пінжак, з імпэтам, вялікім задавальненнем — ажно мне, гледзячы на ўсё, захацелася падмяніць вас. Але вы рашуча адмовілі мне. Тады пасаромеўся спытацца. А цяпер спытаюся: чаму? Усумніліся ў маёй фізічнай сіле?— Справа не ў сіле, хаця і яна патрэбная, прытым немалая. Вы ж памятаеце: нас, званароў, было васьмёра. Перад адвэнтам мы з тыдзень трэніраваліся, каб нашы рытмічныя рухі спараджалі мелодыю. Без суладдзя, суладных дзеянняў яна не народзіцца. А вы ўпэўнены, што без трэніроўкі патрапілі б у такт?!— Напэўна ж, не. Але спынімся на іншым. Добрае слова прагучала ў вас — суладдзе. Наколькі мне памятаецца, яно было і ў нашым супрацоўніцтве — навуковым, культурным, грамадскім. Наступная наша сустрэча адбылася ў 1990 годзе, калі вы ад імя брытанскіх навукоўцаў удзельнічалі ў святкаванні пяцісотай гадавіны з часу нараджэння Скарыны. З Мінска мы паехалі ў Полацк, дзе вы выступалі. Дарэчы, свет поўніцца чуткамі, што менавіта тады і там вы пазнаёміліся са сваёй будучай суджанай, аспіранткай Эльвірай…— Так, выходзіць, Скарына нас зблізіў.— І як вынік, свет узбагаціўся дзвюма дзяўчынкамі. Памятаю, у ваш чарговы прыезд яны, Алена і Аляксандра, кружыліся ў Скарынаўскім цэнтры ў імправізаваным танцы. Цяпер, мусіць, ужо пасталелі ў школе. А беларускай мовай валодаюць?— Прынамсі, разумеюць яе.— А потым, прыгадаю, Скарына зноў “увайшоў” у ваша жыццё. У 1991 годзе, на першым Міжнародным кангрэсе беларусістаў, вы былі як яго актыўны суарганізатар узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Сталі віцэ-прэзідэнтам асацыяцыі беларусістаў ад імя навукоўцаў Заходняй Еўропы.— І пачалася наша будзённая праца, больш частыя кантакты. Дарэчы, для будучых даследчыкаў: усё гэта апісана і надрукавана ў зборніках “Беларусіка=Albaruthenica”, штомесячніку “Кантакты і дыялогі”.— А ў апошнім пад сталай рубрыкай “Надрукавана пра кантакты ў Беларусі і свеце” часта згадваліся вашы водгукі-рэцэнзіі на кнігі, выдадзеныя ў Мінску, асабліва ў спецыяльным квартальніку “The Byelorussian Studies”.— На вялікі жаль, перастаў ён выходзіць. У англамоўнага чытача цяпер менш мажлівасцей знаёміцца з навінкамі беларускай навукі і культуры.— Няхай чытаюць тыднёвік “The Minsk Times”, куды ўкладваецца наш “Голас Радзімы”. Вось вам некалькі нумароў для знаёмства.— Ахвотна вазьму. І перадам у Беларускую бібліятэку імя Францішка Скарыны, дзе я цяпер узначальваю апякунскую раду. І дзе вы, Адам Восіпавіч, не раз працавалі з першакрыніцамі.— А як там справы выглядаюць сёння? — Ды як вам сказаць... І добра, і не вельмі. Па-ранейшаму прыязджаюць чытачы зблізку і здалёку. Гэта ж на сённяшні дзень фактычна адзіная беларуская бібліятэка на ўсю Заходнюю Еўропу. Але ёсць клопаты і з камплектаваннем лонданскай Скарынаўкі новымі мінскімі выданнямі (раней гэта за нашы грошы і з узаемнай выгадай рабіла па выдавецкіх каталогах бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а цяпер, калі не стала каталогаў, то і абмен абарваўся), з іх апрацоўкай і выдачай. Ну не хоча моладзь выконваць гэтыя абавязкі, а тым больш на грамадскай аснове…— Дзе ж выхад?— Вось я і хачу сустрэцца з кіраўніцтвам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Можа, дзеля пашырэння беларускай культуры ў свеце варта пайсці на падвойнае падпарадкаванне лонданскага асяродка, папулярнага ўжо ў Еўропе.— Зычу вам поспехаў у бібліятэчных перамовах. Але яны, відаць, толькі адна з мэтаў вашага цяперашняга прыезду ў Мінск. А іншыя?— Ёсць пэўныя фармальныя цяжкасці з пераносам у Мінск праха Гая Пікарды. З дапамогай ксяндза Ула-дзіслава Завальнюка, пробашча касцёла святых Сымона і Алены, удакладніліся многія істотныя моманты.— І апошняе пытанне: што новага ў Англа-беларускім таварыстве?— Нядаўна ў нас адбылася лекцыя, прысвечаная беларускім жывапісцам Савіцкаму і Данцыгу. Прайшоў вечар, прысвечаны беларускай дзіцячай перакладной літаратуры. Далучаемся да розных віртуальных праектаў. І абавязкова святкуем Купалле.— То перадайце сябрам таварыства сардэчнае прывітанне. Няхай спорыцца сумесная праца ў імя пашырэння здабыткаў нашай культуры ў свеце.Адам МальдзісПаводле "Голас Радзімы" (№ 30, 14 жніўня 2008)