БНП ушанаала памяць М. Абрамчыка (Францыя)

16 жніўня сябры Беларуска-Еўрапейскага Задзіночання з Бельгіі і Францыі, а таксама прадстаўнікі супольнасці “Беларуская Нацыянальная Памяць” наведалі ў Парыжы месца пахавання Прэзідэнта БНР Міколы Абрамчыка.

На гэты дзень прыпыдаюць 105-я ўгодкі з дня яго нараджэння. Мікалай Сямёнавіч Абрамчык нарадзіўся ў вёсцы Сычавічы на Маладзечаншчыне. Скончыў Радашковіцкую беларускую гімназію, працягваў адукацыю ў Празе. Пазней жыў у Францыі, дзе стварыў “Хаўрус беларускай працоўнай эміграцыі”. У 1939-44 гг. быў рэдактарам газеты “Раніца”, якая выходзіла ў Берліне. Старшыня Рады БНР у 1943 і 1947 – 1970 гг.У часе нядаўняй экспедыцыі БНП было дакладна ўсталявана месца пахавання М. Абрамчыка. Гэтая акцыя паглыбіла кантакты з Радай Беларускай Народнай Рэспублікі. БНП атрымала ліст падзякі ад імя Рады БНР, які даслаў намеснік старшыні сп. Сяргей Навумчык. Як стала вядома, Рада БНР плануе ўсталяваць помнік на магіле Міколы Абрамчыка.У часе гэтай акцыі, арганізаванай сумеcна беларускай дыяспарай Бельгіі і Францыі (арганізацыя "БЭЗ") і БНП, выступалі іх прадстаўнікі, якія заклікалі пашыраць і папулярызаваць дзейнасць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ды яе колішняга Прэзідэнта. Узгадвалі таксама Ніну Абрамчык, якая пахаваная разам са сваім мужам. Ніна Абрамчык, у дзявоцтве Ляўковіч, нарадзілася 20 сакавіка 1916 на Пружаншчыне. Закончыла Віленскую беларускую гімназію, вучылася ў Віленскім універсітэце, была сябрам Беларускага студэнцкага саюза. На пачатку 40-х гадоў пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, жыла ў Берліне, працавала ў «Раніцы». У 1942-1943 гг. апрацавала і выдала «Гісторыю Беларусі ў картах» і некалькі зборнікаў вершаў і песняў.Святар з беларускай грэка-каталіцкай парафіі ў Антвэрпане айцец Ян Майсейчык адслужыў паніхіду. Прысутныя ўсклалі кветкі ў нацыянальных колерах. Акцыя скончылася спевам беларускага гімну “Магутны Божа”.

Паводле "Беларускай Нацыянальнай Памяці"