БНП у Лондане

Сябры БНП наведалі Лондан з мэтай далейшай працы ў бібліятэцы імя Ф. Скарыны, а таксама для ўзгаднення ўсіх пытанняў па аднаўленні помніка Лявону Рыдлеўскаму, віцэ-прэзідэнту Рады БНР у 50 гг. ХХ ст., старшыні Саюзу беларусаў у Францыі.

Месца пахавання было адшуканае пад час папярэдняга візіта БНП у Лондане з дапамогай гісторыка Наталлі Гардзіенкі. На жаль, сам помнік, які калісьці быў усталяваны на магіле ўдзельніка Слуцкага Збройнага чыну, не захаваўся. Таму Згуртаванне Беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ) выступіла з ініцыятывай аднавіць помнік.

У памяць Л. Рыдлеўскага айцом Сяргеем Стасевічам была адслужана паніхіда, якая завяршылася спяваннем гімну “Магутны Божа”.

Грамада БНП таксама мела прыемную місію павіншаваць айца Аляксандра Надсана, які 8 жніўня адзначыў свой 82 дзень нараджэння. Дзякуючы яго нязменнай падтрымцы і дапамозе былі адшуканыя забытыя магілы некаторых беларускіх дзеячаў, аб чым мы ўжо пісалі на нашым сайце. Мы выказваем а. Аляксандру сваю шчырую падзяку і жадаем здароўя і доўгіх плённых гадоў жыцця.Паводле "Беларускай нацыянальнай памяці"