Працягваецца экспедыцыя грамады Беларускай Нацыянальнай Памяці па еўрапейскіх краінах. Другім прыпынкам стаў Бургільён, прыгарад швейцарскага горада Фрыбура. На мясцовых каталіцкіх могілках пахаваная славутая беларуская княгіня-асветніца Магдалена Радзівіл.
Раней мы пісалі пра яе на старонках свайго блогу. Магдалена Радзівіл – знакамітая постаць нацыянальнага грамадскага і рэлігійнага жыцця першай паловы ХХ ст. Яна вельмі шмат зрабіла для развіцця беларускай нацыянальнай свядомасці. Айцец Аляксандар Надсан напісаў пра гэтую жанчыну кнігу “Княгіня Радзівіл і справа адраджэння Уніі ў Беларусі”, з якой цікаўныя могуць больш падрабязна даведацца аб біяграфіі і справах Магдалены Радзівіл.
Інфармацыю пра месца пахавання княгіні БНП атрымала ў ліпені 2007 г. ад спадарыні Монікі Банкоўскі. Але вось толькі зараз атрымалася правесці невялікую акцыю памяці М.Радзівіл. Пад нацыянальным сцягам і па традыцыйнаму сцэнару прайшла акцыя ўшанавання.Не адбылося і без кур’ёзаў. На могілках быў каталіцкі святар з Польшчы, які наведваў пахаванні сваіх землякоў. Ён быў вельмі-вельмі здзіўлены прысутнасці беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі.У мясцовай царкве ў гонар Маці Божай Кармельскай сябры БНП памаліліся за душу славутай беларускі. Падобна, што словы малітвы на нашай роднай мове ў сценах гэтай царквы прагучалі ўпершыню з дня смерці Магдалены Радзівіл. Але спадзяемся, што надалей гэтае месца стане наведвацца беларусамі, сотні якіх жывуць цяпер у рэспубліцы ў Альпах. Дакладныя каардынаты можна даведацца на мапах, якія мы ствараем на нашых старонках у сеціве.А экспедыцыя БНП накіравалася далей у Баварыю.Паводле сайта "Беларуская Нацыянальная Памяць"