ЗША маюць намер захаваць санкцыі супраць беларускага рэжыма

Злучаныя Штаты Амерыкі не маюць намеру адмяняць эканамічныя санкцыі ў адносінах беларускіх прадпрыемстваў, калі на волю не выйдуць палітычныя зняволеныя Аляксандр Казулін, Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.«Рашэнне аб увядзенні эканамічных санкцый было прынятае ў канцы мінулага года. Гэта было прадвызначана часам і сітуацыяй у Беларусі. У цяперашні час мы назіраем за развіццём гэтага працэса. У студзені-лютым мы ўбачылі, што пяцёра палітвязняў былі вызваленыя. Мы чакаем вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў. І я не думаю, што будуць нейкія змены ў лепшы бок у пытанні, датычным санкцый, калі сітуацыя з палітычнымі зняволенымі не палепшыцца», -- адзначыў Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі.Амерыканскі дыпламат падкрэсліў, што «зараз у ЗША перыяд палітычных перамен. Сітуацыя ў Беларусі стала адной з тэм, якая абмяркоўваецца пад час перадвыбарчай кампаніі ў Амерыцы. Крокі, якія былі распачатыя беларускім рэжымам, прыцягнулі ўвагу вельмі важных людзей у Злучаных Штатах, уключаючы кандыдатаў на пост прэзідэнта ЗША».Часовы Павераны ў справах ЗША сёння на прэс-канферэнцыі афіцыйна абвясціў аб пераходзе на новую пасаду Надзвычайнага і Паўнаважнага амбасадара ЗША Карэн Сцюарт, якая з’ехала з Менску пасля пачатку канфлікта з уладамі Беларусі, які ўзнік у сувязі з увядзеннем амерыканцамі эканамічных санкцый у адносінах беларускіх прадпрыемстваў.«Амбасадар Карэн Сцюарт 4 жніўня афіцыйна прызначаная галоўным намеснікам памочніка Дзяржсакратара ЗША па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы. Яна не вернецца ў Беларусь у якасці амбасадара ЗША», - заявіў Дж.Мур.Джонатан Мур выказаў сумнеў, што хуткім часам у Менску з’явіцца амбасадар ЗША, хаця «ў будучым гэта магчыма». Узначальваць дыпмісію ЗША, па словах Мура, будзе па-ранейшаму ён ў пасадзе Часовага Паверанага.Адказваючы на пытанні журналістаў, Джонатан Мур заўважыў, што «дадзенае прызначэнне не з’яўляецца спробай паўплываць на адносіны з Беларуссю». «Гэтае рашэнне прынятае, каб выкарыстоўваць яе талент і здольнасці. Яна галоўны намеснік Дэвіда Крэмера – памочніка Дзяржсакратара па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працы. Гэта значыць, што ў Дзярждэпартаменце як мінімум два чалавекі, якія добра ведаюць сітуацыю ў Беларусі», - заўважыў Дж.Мур.Ён таксама распавёў журналістам, што аднойчы сустрэўся ў Менску з амбасадарам Беларусі ў ЗША Міхаілам Хвастовым – «выпадкова ў міністэрстве замежных спраў». «Я не думаю, што ён хутка вернецца ў Вашынгтон. Прымаючы ва ўвагу, што ён даволі доўга займаў высокія пазіцыі ў МЗС, яму будзе складана знасці прасоўванне па службе», - заўважыў Дж.Мур.Адказваючы на пытанне, ці маюць ЗША намер распачаць нейкія крокі ў сувязі з тым, што ў Беларусі працуюць усяго 4 амерыканскіх дыпламата, Джонатан Мур адказаў: «Як я ўжо казаў, нас больш хвалюе колькасць палітзняволеных ў Беларусі, чым колькасць дыпламатаў ЗША ў Менску».Амерыканскі дыпламат таксама закрануў тэму правядзення «парламенцкіх выбараў» у Беларусі. Ён падкрэсліў, што пазіцыі ЗША і Еўразвяза па пытанні «выбараў» у Беларусі супадаюць. Кіраўнік амерыканскай дыпмісіі нагадаў, што ў Менску з візітам знаходзілася высокапастаўленая дэлегацыя з Брусэля. «Падчас гэтага візіту было заяўлена, што адзнака выбараў будзе залежаць не ад іх выніку, а ад іх ходу», - нагадаў Мур. Дыпламат падкрэсліў важнасць рэгістрацыі апазіцыйных актывістаў кандыдатамі ў дэпутаты, прадастаўленне ім паўнавартаснага эфіру на тэлебачанні і магчымасці выказацца на старонках друкаваных дзяржаўных СМІ, а таксама допуск назіральнікаў да працэсу падліку вынікаў «выбараў». Джонатан Мур адзначыў, што яму вядомыя факты ціску на актывістаў апазіцыі, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі.«Такія закулісныя паводзіны ўладаў выклікаюць здзіўленне на фоне публічных заяваў аб тым, што выбары будуць празрыстымі», -- адзначыў Часовы Павераны.

Паводле "Хартыі-97"