Усе ведаюць пра гучны конкурс "Еўрабачанне", якi заснаваў Еўрапейскi вяшчальны саюз. Але ўжо 29 гадоў гэтая арганiзацыя праводзiць штогод буйны Мiжнародны фальклорны фестываль, не менш цiкавы i значны для музыкi. Іншая рэч, што вакол яго няма штучнай шумiхi — сапраўдная старадаўняя музыка пазбегла розных танных упрыгожанняў, якiя дыктуе час. Цяпер зразумела, пра што гавораць: часу непадуладныя сапраўдныя каштоўнасцi.
Адметна, што Еўрапейскi вяшчальны Саюз ужо сёлета, за год да памянёнага "Еўрабачання\, прыйшоў у Расiю з вялiкiм фестывалем. I сiмвалiчна — з фестывалем спрадвечнай музыкi розных краiн. Расiя яго прымала ўпершыню. Але падрыхтавалася: арганiзатарамi з расiйскага боку выступiлi Усерасiйская дзяржаўная тэлерадыёкампанiя i яе фiлiялы — \Радыё Расii" i "Маяк".
Беларускiя артысты выступалi на гэтым фестывалi другi раз. Першай была наша славутая "Тройца". Яе прадставiла "Белтэлерадыёкампанiя", якая з’яўляецца членам Еўрапейскага вяшчальнага саюза. Так для многiх слухачоў у Еўропе адбылося адкрыццё фальклорнай музыкi Беларусi. Але сёлета да iх дадалiся расiяне: iх пакарыла спявачка Наталля Матылiцкая, якая выступала пад акампанемент старадаўняй дуды — выдатна валодае гэтым iнструментам Алег Лук’янцаў.
Прадзюсар i знаўца фальклору Таццяна Песнякевiч вырашыла, хто паедзе на сёлетнi фестываль у Маскву, калi паслухала альбом Наталлi Матылiцкай "Пчолачка". Таму што лепшае, што можа паказаць Беларусь у музыцы — гэта менавiта свой аўтэнтычны фальклор, якi пакуль яшчэ захаваўся. А ў многiх краiнах свету ўжо даволi актуальная праблема захавання i развiцця народнай музыкi, i сёлета ў рамках фестывалю iшла пра гэта гаворка на сустрэчы прадзюсараў. Кожнаму было што сказаць. А ў Беларусi ўзнiкла магчымасць нават паказаць на прыкладзе, як гэта можна рабiць.
— Я прыхiльнiца аўтэнтычнай стылiстыкi, — гаворыць Наталля Матылiцкая. — Мяне засмучае, калi ў сучасных гуртах, якiя працуюць у фолк-мадэрне, зусiм не пазнаецца фальклор. У некаторых еўрапейскiх краiнах няма фальклорнай даўнiны, няма першасных узораў, так, як у нас. Касмапалiтызм, з аднаго боку, яднае народы, але пры гэтым ёсць небяспека страцiць менавiта нацыянальную аўтэнтыку. Такая тэндэнцыя ўжо адчуваецца нават у народнай музыцы. Таму цiкавасць да "чыстай этнiкi" сёння асаблiвая.
Наталля магла заўважыць гэта па ўсёй праграме фестывалю, на якi, акрамя беларусаў, прыехалi ўдзельнiкi з Расii, Украiны, Фiнляндыi, Чэхii, Польшчы, Бельгii, Германii, Iрландыi, Нарвегii, Iспанii, Харватыi, са Славенii, Швецыi i Швейцарыi. У Расii ўсё было арганiзавана з размахам: прыём удзельнiкаў у мэрыi Лужкова, урачыстае адкрыццё ў Вялiкiм палацы Казакова ў Царыцына, самi канцэрты — на тэрыторыi музея-запаведнiка ў Царыцына. Спецыяльна была зроблена сцэнiчная пляцоўка пад адкрытым небам, а гледачы ўладкоўвалiся перад ёй на траве — каб сапраўды адчувалася блiзкасць да народнай культуры. Кожны з удзельнiкаў мог паказаць сваю сольную праграму. Жанры, у якiх працуюць музыканты, розныя — ад чыстага фолку да этнапопу, этнаджазу i нават этнароку. Расiя была прэзентавана аж трыма калектывамi. Але "чыстую этнiку" прывезла толькi Беларусь, якая прымусiла слухачоў зразумець, што фальклор — гэта высокае мастацтва, а не часовае задавальненне. За гэта нашых артыстаў узнагародзiлi асаблiвай увагай, а шматлiкiя расiйскiя радыёстанцыi ледзь не разрывалi беларускую спявачку на часткi, запрашаючы на iнтэрв’ю.
— У расiян ёсць цiкавасць да "чыстай этнiкi", — працягвае Наталля. — У iх няма гэтага накiрунку. Мы паказалi прыклад, як захоўваць i прапагандаваць свой фальклор. Адна з арганiзатараў сказала, што Беларусь — узор у гэтым.
З Масквы беларускiя ўдзельнiкі прывезлi самыя добрыя ўспамiны i пажаданнi. Пасля канцэрту да iх падыходзiлi прадстаўнiкi беларускай дыяспары. Для iх гэта была магчымасць глынуць паветра з радзiмы. I запрасiць Наталлю прыязджаць з канцэртамi. Зацiкавiлiся музычным прадуктам, якi зроблены ў Беларусi, многiя iншаземцы. Напрыклад, у Берлiне таксама праходзiць буйны фальклорны фестываль, дзе пакуль не чулi голасу Наталлi Матылiцкай...
Ларыса ЦIМОШЫК.
Паводле газеты "Звязда"