Моладзь адпачывала на р. Дэлавэр (ЗША)

19 ліпеня 2008  года, сябрамі "Беларускага маладзёвага руху Амерыкі" быў наладжаны адпачынак на р. Дэлавер. Хваляванняў было шмат, але, дзякуючы Богу, усе праблемы былі вырашаны. Пашанцавала з надвор’ем, сабралася група 20 чалавек: гэта сябры маладзёвай арганізацыі і парахвіяне Катэдральнага Сабору Сьвятога Кірылы Тураўскага, была моладзь і з другіх штатаў, узрост ад 5 гадоў да 65.Да пункту адпраўкі збіраліся групамі на сваіх самаходах. Пасля невялічкага снедання, у добрым настроі, з жартамі і песнямі паплылі па рацэ. Тыя, хто не ўпершыню адпачываў на гэтай рацэ, ведалі якія нечаканасці іх чакаюць, а хто быў першы раз, то нават былі заклапочаныя, як ім не наехаць на велізарнае каменне, якое, як нам здавалася, “плыло” на нашы лодкі.То гладкая і ціхая, неглыбокая рака з палогім берагам, то з крутым берагам, шумлівая і глыбокая, дзе са скал можна было нырнуць, а на процілеглым баку ракі былі “парогі”. Трэба было бачыць як дзеці рознага ўзросту старалісь апярэдзіць суседнюю лодку. Лепш за ўсіх дапамагаў кіраваць лодкай маленькі Юрык, ён нават ручкай сваёй заграбаў ваду, але каб толькі яго лодка была першая. Ну, а калі хлопцы на каноэ перакуліліся, то тыя, хто знаходзіўся паблізу, кінулісь ім на дапамогу. Здарылась яшчэ адна нечаканасць: хто ўмеў плаваць, пайшлі купацца ў рэчку, а, тым часам, цячэннем аднясло лодку, тады людзі з другой лодкі прыйшлі і ім на дапамогу, так у экстрэмальнай сітуацыі людзі дапамагаюць, збліжаюцца і лепш пазнаюць адзін аднаго. На поўдарогі спыніліся на абед, але самае цікавае адбылося тады, калі трэба было распаліць вогнішча, а запалкі былі мокрыя, і тут на дапамогу пыйшлі амерыканскія сябры, якія знаходзіліся недалёка ад нас. Пакуль распальвалі вогнішча для шашлыкоў, хлопцы налавілі рыбы, яе запяклі, было вельмі смачна. Падсілкаваўшысь і крыху адпачыўшы, паплылі далей. Па заканчэнні маршруту частка людзей вярталася ў Нью-Ёрк, бо ў нядзелю павінны былі быць на Богаслужбе ў царкве, а другая частка моладзі засталась начаваць у кэмпінгу і, на другі дзень, у нядзелю, зноў працягвалі адпачынак. З добрым настроем і прыемнымі ўспамінамі раз’язджаліся дамоў, атрымалі добры зарад энэргіі. Калі запыталісь: "Ці паедзем на наступны год адпачываць? - то быў адказ: "Гатовы ў наступную суботу".Адпачываць – гэта добра, але яшчэ шмат працы па рамонту царквы, якую мы выконваем, у асноўным, па суботах. Калі выпадзе вольная субота - дык паедзем. Далучайцеся калі ласка да нас!Ліна Сагановіч

ФОТА можна паглядзць тут