Дні беларускай культуры ў Вентспілсе (Латвія)

Пачатак ліпеня ў Вентспілсе прайшоў пад эгідай Дзён беларускай культуры, якія ўжо ў чацвёрты раз ладзіла вентспілскае беларускае таварыства "Спадчына" пры фінансавай падтрымцы Вентспілскай гарадской думы.
 
На гэты раз дэлегацыі ўдзельнікаў Дзён беларускай культуры ў Вентспілсе суправаджалі прадстаўнікі ўрада і адміністрацый самакіравання Рэспублікі  Беларусь.
 
 У пятніцу, 4 ліпеня, дзяржаўныя сцягі Беларусі луналі ля будынка Вентспілскай гарадской думы і ў Доме рамёстваў.
 
У думе адбылася сустрэча Вентспілскага гарадскога самакіравання з кіраўнікамі дэлегацый. З прадстаўнікамі адміністрацый Віцебскай вобласці, Шумілінскага раёна, горада Полацка, кіраўнікамі аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці -  завода “Полацк-Шкловалакно” і Магілёўскай вобласці сустракаліся выканаўчы дырэктар Вентспілскай гарадской думы Алдыс Абэлэ, дырэктар гарадскога цэнтра культуры  Валда Гулбэ і спецыялісты аддзела маркетынгу гарадской думы.
 
У сустрэчы ўдзельнічалі таксама саветнік-пасланнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі Валерый Доўгань і прадстаўнікі вентспілскага беларускага таварыства “Спадчына”.
 
Афіцыйнае адкрыццё Дзён беларускай культуры адбылося ў Доме рамёстваў, дзе размясцілася выстава прац беларускіх майстроў.
 
Гасцей і ўдзельнікаў праграмы Дзён беларускай культуры віталі выканаўчы дырэктар Вентспілскай гарадской думы Алдыс Абэлэ,
 саветнік-пасланнік пасольства Рэспублікі Беларусь у Латвіі Валерый Доўгань, старшыня праўлення беларускага таварыства “Спадчына” Наталля Бальшакова.
 
Мясцовы ансамбль беларускай песні “Журавінка” гарэзлівай “Беларускай полькай” задаў настрой усёй далейшай праграме Дзён беларускай культуры. Майстрыцы Дома рамёстваў Шумілінскага раёна частавалі гасцей свята хлебам-соллю і сапраўдным "Савецкім" шампанскім. На выставе шумілінскія майстры прадэманстравалі ганчарныя вырабы, вырабы з саломкі,  самаробныя ўпрыгожванні і шмат чаго іншага. Побач разгарнулася і яркая экспазіцыя Полацкага цэнтра рамёстваў – разнастайныя коўдры, вышываныя паясы, абярэгі. Увечары ў гэты ж дзень ў цэнтры Парвенты вялікую колькасць гледачоў сабраў на свой канцэрт  ансамбль народнай  музыкі і песні  “Жытніца” з Магілёўскай вобласці.
 
У суботу на Ратушнай плошчы Вентспілса  адбыўся вялікі канцэрт з удзелам калектываў з Беларусі і Латвіі. Гледачы спявалі і танцавалі разам з самадзейнымі артыстамі, адгукаліся на прыпеўкі і вясёлыя дыялогі. Багатую скарбонку народнага гумару адчыніў вентспілчанам фальклорны калектыў “Гульбічы” Шумілінскага раённага Дома культуры. Шумілінцы прывезлі ў Вентспілс кавалачак свайго роднага краю ў выглядзе жартаў, вясёлых кадрыляў і прыпевак, падгледжаных і падслуханых у народзе. Замілаванне слухачоў выклікалі і чароўныя песні ў выкананні маладой таленавітай беларускай спявачкі з Рыгі Людмілы Ігнатавай, якая, дарэчы, аказалася і таленавітай вядучай гэтага канцэрта.  
 
Шчырае захапленне гледачоў выклікала тэатралізавана-харэаграфічная пастаноўка па купальскіх матывах у выкананні тэатра танца “Прэм’ер-Спонайд” з Полацку. Таленавіты калектыў, якім  17 гадоў кіруе Вераніка Навіцкая, аб’ездзіў паўсвету, выступаў на розных кантынентах. У суботу “Прэм’ер-Спонайд” удзельнічаў у канцэрце на Ратушнай плошчы. А ў нядзелю даў сольны канцэрт у Дзіцячым гарадку. Беларускія танцоры ўзялі ў палон вентспіскіх гледачоў беларускімі, арабскімі, цыганскімі танцамі і жартоўнымі мініяцюрамі.
 
Дні беларускай культуры ў Вентспілсе заўсёды адбываюцца пад адной і той жа назвай – “Ад Ліга да Купалы”. Сёлета кульмінацыя мерапрыемства супала з сапраўдным часам святкавання Купалы – 6 ліпеня. У нядзелю вечарам у Прыморскім музеі пад адкрытым небам адбылося народнае гулянне, прысвечанае гэтаму старажытнаму славянскаму святу. Купальскія абрады і традыцыі, а таксама звязаныя з імі гульні, танцы паказалі два народных калектывы з Беларусі – шумілінскія “Гульбічы” і  ансамбль “Вербіца” Палаца культуры Мінскага аўтазавода.
 
Святкаванне Купалля ў Прыморскім музеі стала традыцыяй культурнага жыцця Вентспілсу. У мінулым годзе толькі на самое свята Купалле прыйшло каля тысячы вентспілчан і гасцей горада. У гэтым годзе летні дожджык напалохаў гледачоў, але тыя з іх, хто прыйшоў у музей пад адкрытым небам, трэба мяркаваць, зусім не пашкадавалі пра гэта. Камусьці з гледачоў нават пашанцавала знайсці чароўную кветку-папараць.
 
У панядзелак госці развітваліся з Вентспілсам, з морам, якое паспелі палюбіць, з дабразычлівымі вентспілсчанамі. Арганізатарам  дзён беларускай культуры за тры дні, што доўжыўся гэты фестываль, неаднойчы давялося чуць ад гасцей Вентспілса, удзельнікаў свята: “Вентспілс  – горад, у які абавязкова хочацца вяртацца ...”
 
Алена Нарушэвіч,
Вентспілс