У Беластоку адкрыты першы Культурны цэнтр Беларусі за мяжой

Беласток сустрэў гасцей з Беларусi (з Мiнiстэрства культуры, Брэсцкага i Гродзенскага аблвыканкамаў, артыстаў, журналiстаў) пранiзлiвым, падобным на восеньскi, дажджом. Але ён не здолеў азмрочыць цёплую, сяброўскую атмасферу, што панавала на ўрачыстай вечарыне з нагоды адкрыцця Культурнага цэнтра нашай краiны ў Польшчы. На iм прысутнiчалi кiраўнiкi гарадской адмiнiстрацыi, дзеячы культуры, адукацыi, святары, шмат прадстаўнiкоў беларускай дыяспары i, вядома ж, нашы дыпламаты.

Шэрагу вядомых грамадскiх дзеячаў, прадстаўнiкоў беларускай меншасцi за шматгадовую дзейнасць па падтрымцы беларускай культуры i адукацыi ў Польшчы, развiццю беларуска-польскiх культурных сувязяў былi ўручаны Ганаровыя граматы Мiнiстэрства культуры i Ўпаўнаважанага па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў Беларусi. А сярод падарункаў цэнтра — кнiга "Спадчына Беларусi", гiсторыя беларускай культуры на DVD-дысках.— Упершыню наша краiна адкрывае за мяжой свой цэнтр як дзяржаўную культурную ўстанову, — гаворыць пасол Беларусi ў Польшчы Павел Латушка. — І вельмi важна, што ён адкрываецца ў Польшчы — у краiне, з якой Беларусь мае багатую сумесную гiсторыка-культурную спадчыну, i менавiта ў Беластоку, дзе найбольш прадстаўнiкоў беларускай дыяспары.— Гэты цэнтр быў марай беларускiх дыпламатаў, — адзначае Генеральны консул Беларусi ў Беластоку Мiхаiл Аляксейчык. — Мы хацелi, каб на больш высокiм узроўнi пачаўся паказ нашай беларускай культуры, а таксама навукi, спорту жыхарам Польшчы. Каб яны зразумелi, што тыя перашкоды, якiя хтосьцi стараецца паставiць памiж нашай дзяржавай i Еўропай — рэчы штучныя. Трэба рухацца толькi ў кiрунку супрацоўнiцтва.Дзверы цэнтра будуць адчыненыя для ўсiх — i для беларусаў, якiя тут пражываюць, i для палякаў, i для прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцяў.— Рашэнне аб стварэннi гэтага цэнтра паказвае, што Беларусь адкрыта для добрага супрацоўнiцтва памiж нашымi народамi i дзяржавамi, — падкрэслiвае кiраўнiк нашай дыпламатычнай мiсii ў Польшчы. — Бо зразумела, што культура сама па сабе нясе добрае. I мы з гэтым добрым прыходзiм да нашых суседзяў — палякаў. Мы хочам паказаць тое багацце, якое ў нас ёсць, багацце нашай душы i нашага сэрца. Упэўнены, што праз культурныя мерапрыемствы, якiя будзе арганiзоўваць цэнтр, мы будзем спрыяць нармалiзацыi, добраму развiццю беларуска-польскiх адносiнаў.Такiм чынам, Беларусь хоча на сiстэмнай аснове прадстаўляць сваю культуру ў Польшчы. А тое, што яна вельмi запатрабаваная нашымi суседзямi, пацвярджае хоць бы адзiн факт. Напрыканцы чэрвеня ў Зале кангрэсаў Палаца навукi i культуры, на самай вялiкай i прэстыжнай пляцоўцы ў Варшаве выступiў з канцэртнай праграмай Нацыянальны акадэмiчны хор Рэспублiкi Беларусь iмя Г. Цiтовiча. Выступленне славутага калектыву (папярэднi канцэрт адбыўся ў польскай сталiцы ажно 25 гадоў таму) было арганiзавана па iнiцыятыве беларускага пасольства пры садзейнiчаннi гарадской управы Варшавы i фiнансавай падтрымцы прадстаўнiка знакамiтага роду Вялiкага княства Лiтоўскага Караля Радзiвiла. Кожны нумар (былi выкананы беларускiя, польскiя, рускiя песнi) вельмi цёпла прымаўся публiкай, а пасля канцэрта гледачы стоячы некалькi разоў выклiкалi калектыў пад кiраўнiцтвам народнага артыста Беларусi Мiхася Дрынеўскага на сцэну. Людзi падыходзiлi да супрацоўнiкаў беларускага пасольства з падзякай за выдатную магчымасць блiжэй пазнаёмiцца з самабытным беларускiм мастацтвам. З такiм жа вялiкiм поспехам прайшлi канцэрты хору ў гарадах Радзынь Падляскi i Гарвалiн.А на свяце з нагоды адкрыцця Культурнага цэнтра Беларусi, як кажуць, "запальвалi" яшчэ два знакамiтыя, улюбёныя ў беларускую песню творчыя калектывы — "Прымакi" з Беласточчыны i "Бяседа" з Мiнска. Зала не толькi апладзiравала, але i спявала разам з iмi.— Як вам, карэннаму жыхару Беласточчыны, удаецца так прыгожа спяваць па-беларуску? — цiкаўлюся ў кiраўнiка ансамбля "Прымакi", дырэктара аддзела культуры ў Гарадку Юрыя Астапчука.— Гэта, напэўна, плён канцэртаў. Мы выступаем не толькi ў Польшчы, але i ў Беларусi, вучымся ў калег, у таго ж ансамбля "Бяседа", пiшам i сваю музыку. Так i паўстаў рэпертуар. Члены нашага аматарскага калектыву працуюць у розных фiрмах, але што нас аб’ядноўвае, дык гэта беларуская песня, тая чыстая, з глыбiнi сэрца энергiя, якая заўсёды з намi на сцэне. Мяне вельмi цешыць, што да беларускай культуры прыязна ставяцца не толькi на Беласточчыне, дзе жыве найбольш людзей беларускай дыяспары, але i ў iншых рэгiёнах Польшчы, а таксама за мяжой, куды мы выязджаем з канцэртамi. Я вельмi ўдзячны за падтрымку паслу Беларусi Паўлу Латушку, генеральнаму консулу Мiхаiлу Аляксейчыку.— Якiя надзеi ўскладаеце на Культурны цэнтр Беларусi ў Польшчы?— Абавязкова трэба, каб быў гэты цэнтр. У iм неабходна сабраць ад дзядоў, якiя яшчэ жывуць, усю гiсторыю беларускай меншасцi ў Польшчы. Тады будзе велiзарная крынiца i для маладых людзей, i для старэйшых, якiя ведаюць гэту гiсторыю, але не да канца. Акрамя таго, з’явяцца новыя магчымасцi для таго, каб беларуская культура знаёмiла ўсiх зацiкаўленых людзей са сваёй iдэяй. Дарэчы, неўзабаве ў нас адбудзецца вялiкая iмпрэза "Сяброўская бяседа", чакаецца прыезд ажно сямi калектываў з Беларусi.— Як ставiцеся да iдэi правядзення ў Беларусi фестывалю для суайчыннiкаў, якiя жывуць ў замежжы?— Вельмi станоўча. Гэта будзе вялiзная падтрымка для ўсiх беларусаў, што жывуць за межамi сваёй гiстарычнай Радзiмы.Падтрымлiвае гэту iдэю, якая нядаўна была агучана ў Гродне на VII Рэспублiканскiм фестывалi нацыянальных культур, i старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Ян Сычэўскi:— Заўсёды да такiх прапаноў стаўлюся вельмi пазiтыўна. Палiтычныя погляды беларусаў у свеце неаднолькавыя, але павiнны быць нейкiя супольныя iдэi. I галоўнай з iх з’яўляецца культура, якая зблiжае людзей i душэўна, i духоўна, спрыяе вынаходству нейкiх агульных iдэй, развiццю ўзаемных кантактаў. А гэта заўсёды ўзбагачае i кожнага чалавека, i дыяспары, якiя пражываюць у розных краiнах свету.Ян Сычэўскi кажа, што асабiста вельмi глыбока перажывае тыя цяжкасцi, якiя сёння iснуюць у беларуска-польскiх адносiнах, не маючы, на яго думку, нейкiх аб’ектыўных палiтычных прычын. А гэта адмоўна адбiваецца ў тым лiку i на развiццi культуры, рэалiзацыi праграмнай дзейнасцi беларускай дыяспары.— Цэнтр, якi сёння адкрыты, будзе ўплываць на ўзбагачэнне гэтых кантактаў, дапамагаць культурнай дзейнасцi беларусаў у Польшчы, — перакананы Ян Сычэўскi.Пасол Беларусi ў Польшчы Павел Латушка падкрэслiў, што апошнiм часам назiраецца большая прагматызацыя ў беларуска-польскiх адносiнах. Прыйшло разуменне таго, што, як у суседзяў, у нас ёсць шмат агульных спраў, якiя трэба вырашаць — i на мяжы, i ў эканомiцы, у галiне iнвестыцый, i, зразумела, у турыстычнай, культурнай сферах. I адкрыццё Культурнага цэнтра Беларусi ў Польшчы — яшчэ адна прыступка да ўзаемаразумення.Гэта, дарэчы, толькi пачатак працы па прапагандзе беларускай культуры за мяжой. Паводле iнфармацыi начальнiка ўпраўлення ўстаноў культуры i народнай творчасцi Мiнiстэрства культуры Беларусi Васiля Чэрнiка, такiя цэнтры плануецца стварыць у Расii, Лiтве, ва Ўкраiне, у Iзраiлi, а, мажлiва, нават у Аўстралii.Ёсць iмкненне i да пашырэння мiжрэгiянальнага супрацоўнiцтва. Сесiя Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў нядаўна зацвердзiла праграму развiцця канфесiйнай сферы, нацыянальных адносiнаў i супрацоўнiцтва з суайчыннiкамi за мяжой на 2008—2010 гады. У прыватнасцi, плануецца прадоўжыць правядзенне штогадовых традыцыйных фестываляў "Артыстычныя сустрэчы "Беласток—Гродна", "Гродна—Беласток". Беларускiя мастацкiя калектывы ў Польшчы будуць забяспечвацца сцэнiчнымi касцюмамi i музычнымi iнструментамi, рэпертуарна-метадычнымi дапаможнiкамi, а публiчныя бiблiятэкi ў Беластоку i Сувалках — беларускай мастацкай лiтаратурай. Прадоўжыцца i дапамога навучальным установам Польшчы, дзе вывучаецца беларуская мова, у забеспячэннi iх вучэбна-метадычнымi, даведачнымi, мастацкiмi кнiгамi, а таксама сродкамi навучання — геаграфiчнымi картамi, плакатамi, матэрыяламi па гiсторыi Беларусi.Барыс ПРАКОПЧЫК.г. Беласток.

Паводле газеты "Звязда"