Навучэнец Цэнтра экалагічнага выхавання пры Цэнтры пазашкольнай працы ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Еўтушэнка заваяваў бронзавы медаль на міжнароднай алімпіядзе праектаў па навакольным асяроддзі (INEPO) у Турцыі. Сяргей Еўтушэнка атрымаў узнагароду за працу "Рэакцыя мікрафлоры кватэры на прымяненне сінтэтычных мыйных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў побыце" у секцыі "Экалогія і біялогія". Сяргей вучыцца ў 11-м класе Магілёўскага абласнога ліцэя і збіраецца паступаць у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Трэба сказаць, што медаль на алімпіядзе ў Турцыі – гэта не першы поспех Сяргея. У гэтым годзе ён таксама ўдзельнічаў у рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі і атрымаў дыплом 3-й ступені.Усяго ў Міжнароднай алімпіядзе праектаў па навакольным асяроддзі ў Стамбуле прымалі ўдзел падлеткі і моладзь з 40 краін свету, у тым ліку з Азербайджану, Эстоніі, Албаніі, Бразіліі, Канады, Вялікабрытаніі, ЗША і іншых. Яны прадставілі 85 праектаў. Мэты алімпіяды супадаюць з прынцыпамі, дэклараванымі канферэнцыяй ААН 1992 года, на якой была падкрэслена важнасць міжнароднага супрацоўніцтва моладзі ў сферы аховы навакольнага асяроддзя. На алімпіядзе ўдзельнікі павінны былі прадставіць навуковыя экалагічныя праекты і абараніць іх падчас экспанавання на стэндах. Даклады па праекце не мелі ніякіх абмежаванняў па памеры, а навуковы апарат павінен быў адпавядаць міжнародным нормам. Працы ацэньваліся па такіх крытэрах, як арыгінальнасць праекта, навуковасць, асноўная ідэя, зразумеласць і абгрунтаванасць. На думку арганізатараў, усе школьныя праекты, заяўленыя для ўдзелу ў алімпіядзе, маюць практычны вынік. Удзел моладзі ў пошуку альтэрнатыўных крыніц энергіі, якія не забруджваюць навакольнае асяроддзе, - адзін з іх. У 2008 годзе беларускі Елізавета Гоціна і Крысціна Мядзведзева атрымалі срэбра на Міжнароднай алімпіядзе праектаў па навакольным асяроддзі, а Кацярына Усачова стала ўладальніцай бронзавага медалю.
Паводле “БЕЛТА”