Памерла Лёнгіна Брылеўская (ЗША)

Лёнгіна Брылеўская памерла 8 ліпеня ў Норт Галівуд, што пад Маямі. Лёнгіна Брылеўская ганарылася, што яе дзень нараджэння … святкуе ўся Амерыка. Проста яна нарадзілася ў адзін дзень з першым прэзідэнтам ЗША Джорджам Вашынгтонам — 22 лютага, праўда, ў 1923 г. Першы прэзідэнт ЗША на два стагоддзі раней, у 1729 г.

"Дзед Якуб і бацька нарадзіліся ў Расіі, я і мае браты — у Польшчы, дзеці братоў — у СССР, а ўнукі — у незалежнай Беларусі… Але, уявіце, амаль усе нарадзіліся ў адной хаце!" [у вёсцы Брускаўшчына, што на Маладзечаншчыне - НН].У 1942 г. Лёнгіна Захаркевіч узяла шлюб з Уладзімерам Брылеўскім, у той час начальнікам Смаргонскага, а потым — Жодзішкаўскага раёну.У 1943 г. мужа арыштавала СД і кінула ў сумнавядомую Вялейскую турму. Брылеўскіх ужо пагрузілі ў цягнік для высылкі ў нямецкі канцлягер, але ў Фаніпалі Лянгіна і Ўладзімер надумаліся ўцякаць. Ім пашчасціла пераканаць ахову, што яны «толькі набяруць вады».Ехаць у Мінск ці вяртацца на малую радзіму было небяспечна, таму Брылеўскія перабраліся ў тагачасную «сталіцу» Беларусі — Рыгу, дзе некаторы час працавалі ў беларускай вэрсіі прапагандысцкага часопісу «Новы шлях». А ўлетку 1944 г. яны ўжо назаўсёды пакінулі Беларусь.Пасля трох гадоў побыту ў лагерах для перамешчаных асоб у Ніжняй Саксоніі Брылеўскія перабраліся ў ЗША, пасяліліся ў штаце Нью-Джэрсі, у наскрозь беларускім гарадку Саўт Рывэр:"Саўт Рывэр быў горадам індустрыі жаночай вопраткі, а гэтым самым горадам імігрантаў: польскіх, мадзярскіх і беларускіх, або рускіх - як яны сябе называлі — эмігрантаў пярэдадня Першай сусветнай. Беларускія эмігранты, на дзіва, амаль усе былі з пад Маладзечна. Амаль усе мае землякі, якія зналі майго дзеда і бацьку. Тут я знайшла двух дзядзкоў: Андрэя Вайцяховіча і Тамаша Аўсяёнка. Для іх я была жаваранкам з роднага поля".Лёнгіна Брылеўская актыўна ўключылася ў беларускае грамадзкае жыццё ў Амерыцы. Яна была адным са стваральнікаў Беларускага кангрэсавага камітэту ў Амерыцы, брала ўдзел у розных беларускіх акцыях у Нью-Джэрсі, Нью-Ёрк сіці, Вашынгтоне.Менавіта Брылеўскія, Барыс Кіт, Франук Шаўроўскі спрычыніліся да пашырэння беларускай калоніі ў Саўт Рывэры і яго ваколіцах. Яны выпісалі ў Саўт Рывэр некалькі дзясяткаў беларускіх сем’яў. І горад, поруч з Нью Ёркам, стаў адным з цэнтраў беларускасці ў Злучаных Штатах. Беларусы тут збудавалі ўласнымі рукамі царкву, грамадзкі цэнтар, заснавалі ўласныя могілкі. На іх цяпер больш за 260 пахаванняў."Што да заробку грошаў, то спачатку я працавала на фабрыцы, а потым, калі скончыла курсы, — сакратаркай у буйной інжынернай фірме. Споўнілася мне сорак гадоў, і я звольнілася. Увесь горад працуе, а я толькі з сабакам гуляю.Прайшло два тыдні і я разумею, што жыць так не магу. Убачыла ў газеце аб’яву, што на ўзбярэжжы акіяну прадаецца гатэль. Прыехала, паглядзела — добрае, бойкае мейсца. Набыла яго і тры з паловай гады адна яго даглядала. Была і кіраўніцай, і вышыбалай, і прыбіральніцай. Нават па мордзе прыходзілася біць."У 1976 г. Брылеўскія перабраліся, як і многія беларускія пенсіянеры ў ЗША, у Фларыду. Яны паспрабавалі там стварыць беларускую арганізацыю, але мясцовыя беларусы — іх там жыве каля 40 тыс. — паставіліся да гэтага варожа. Таму Брылеўскія рэпрэзентавалі Беларусь толькі на розных этнічных фествывалях ці сходах фларыдскага аддзелу Арганізацыі паняволеных народаў.У адным з лістоў Лёнгіна Брылеўская пісала, што пасля смерці Галіны Мінкевіч Астроўскай і Мікалая Мінкевіча, Яна і Аліцыі Пятроўскіх, Мікалая Шчорса, Уладзімера Брылеўскага беларуская Фларыда перастала існаваць. Яна памылілася, беларускай Флярыды ня стала з ейным адыходам.***Пахаваная Лёнгіна Брылеўская 10 ліпеня, на беларускім могільніку парафіі св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт Рывэры, побач са сваім мужам.Паводле "Нашай Нівы"