Купалле ў Нью-Ёрку

Трэба прыехаць у ЗША, каб палюбіць сала і патрапіць на КУПАЛЛЕ. Жывеш сабе пад белымі крыламі з самага дзяцінства і нават і не здагадваешся, што сала з хлебам смачней за “снікерс”, а Купалле цікавей за Дзень святога Валянціна.

Мне, студэнцы БДУ, гэтым летам пашанцавала патрапіць у Амtрыку! Па-сапраўднаму па-нашаму па-беларуску гасцінна прытуліла мяне ў сябе Валя Якімовіч. А праз 2 тыдні запрасіла на Купалле – свята лета, кахання, маладосці.

Па прагнозу ў купальскую ноч мусіла быць навальніца. Але каляндарнае свята пераносіць ня можна. І вось, прыхапіўшы строі, паболей ежы і пітва для сябе і “для таго хлопца”, 21 чэрвеня паабедзе на аўта сябры БАЗА Змітра Кругліка мы накіраваліся ў бок Крос-Рывэр, у запаведнік Ўард Паўнд Рыдж (акруга Ўэстчэстэр). Чым бліжэй да запаведніку, тым зелянейшым, прыгажэйшым рабілася наваколле, тым больш ап’яняючага чысцінёй паветра.

У самай дэмакратычнай краіне свету, ня так як у Беларусі: не распаліш вогнішча, дзе хочаш і калі хочаш; не пагарлапаніш, як хочаш і што хочаш. Таму дазвол на правядзенне свята Пётра і Алена Рыжыя ўзялі загадзя, яшчэ ў студзені, зарэндаваўшы адразу некалькі пагоркаў. Для сям’і Пётра і Алены Купалле – вельмі важнае свята, таму што 9 год таму менавіта яно паспрыяла зараджэнню іхняга кахання, утварэнню счаслівай сям’і і нараджэнню дзьвух цудоўных сыночкаў – Яначкі ды Алесіка. Таму на працягу ўсіх астатніх год яны прымаюць самы актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзеньні Купалля. За што ім ВЯЛІКІ ДЗЯКУЙ!

Разгалістыя дубы, паросшыя кустоўем пагоркі, цішыня, спакой адразу агарнулі нас надзвычайнай гармоніяй. Здаецца, прырода падобная на беларускую, але і дубы ня тыя, і птушкі ня гэтак спяваюць, і кветак у лесе няма...

Мы прыехалі першымі! Следам прыкаціла сям’я Рыжых на вялікім школьным аўтобусе, які яны набылі адмыслова для правядзення Купалляў. Дзіўна, колькі ў гэты басік усяго змясцілася: вялікі куфэрак з калекцыяй старадаўніх і новых строяў, зробленых рукамі Валянціны Якімовіч, аграмадная скрыня з харчамі, усялякія інстументы, крэслы, і нават дзве вялікія драўляныя лавы, якія Пётра зрабіў сам, не гаворачы ўжо пра самаго гаспадара, ягоную жонку, двух сынулькаў, апранутых у вышыванкі, і сабачку Машку.

Строі з куфра Валя і Алена развешвалі на бервяне перад каменнаю хаткаю, якая прытулілася на ўскраю пагорка. І ўсе, хто прыязджаў на Купалле, мог выбраць сабе строй. Раней прыедзеш – лепшы здабудзеш, хаця кожны з іх быў па-свойму прыгожы. Пакуль адныя ўладкоўваліся, іншыя пасярод будучага вогнішча ўсталявалі вялікі слуп, вяршыню якога вянчала кола, упрыгожанае пераплеценымі галінкамі дуба і бярозы, замацаванымі белымі і чырвонымі стужкамі, як знак стыхіяў агню і вады. Звіванне вянка на коле – знак шлюбавання, вертыкальны слуп – сувязь зямнога і нябеснага, кола – сімвал Маці-зямлі, вады і жанчыны, крыж на коле – знак Бацькі-неба, агню і мужчынскага пачатку, як растлумачыла нам Валя.

Калі ўсе былі ўжо апранутыя, сонца закацілася за небасхіл, сцямнела, хлопцы абралі з свайго гурта Князя-Купаліша – Максіма Эльяшкевіча, а дзяўчаты Купалінкаю – чарнявую прыгажуню Валерыю. Гурт дзяўчат тройчы з песняю “Шла Купалка па вуліцы” абыйшоў вакол раскладзенага вогнішча, падвялі Купалінку-Валерыю да Купаліша-Максіма. Распарадчыца, або карыфей свята, Валянціна Якімовіч перадала Купалішу Купалінку і княскі вянок. Князь падпаліў паходню, перадаў яе Купалінцы, тая падпаліла ёю вогнішча Купалля. Усе сталі ў кола, пабраліся за рукі, зычным голасам Валя зацягнула: “А ў нас сёння Купалачка...”, усе прысутныя рэфрэнам заспявалі следам за ёй, ідучы па сонцу вакол вагня. Затым гучалі песні ў гонар сонца, Купалінкі, Купалы, зор, месяца. Як пачаліся гульні, Князь-Купаліш зазяваўся, і малыя скралі Купалінку, схавалі ў цёмным лесе. Князь з сябрамі кінуўся шукаць яе. А купальшчыкі працягвалі свае гульні з песнямі. І тут Максім-Купаліш на руках прынес сваю Купалінку-Валерыю ў сярэдзіну карагоду. Тая павіншавала ўсіх з Купаллем. Свята працягвалася. Хтось пайшоў з каханаю шукаць папараць-кветку, хтосьці працягваў спевы.

Кружыў карагод, пад спеў-заклён спалілі ляльку ведзьмы, рэфрэн песні “То-то-то” суправаджалі прытупамі, падскокамі, каб напалохаць сілы цемры, як сведчанне перамогі дабра над ліхам, святла над цемраю.

Пасля пачалося ачышчэнне агнём – скокі праз вогнішча. Калі агонь быў яшчэ даволі высокі, першым, як заўсёды, пераскочыў праз яго сябар Валянціны баўгарын Станіслаў Станкоў, які ўжо чацверты год запар прымае ўдзел у святкаванні беларускага Купалля, пры тым ня ведаючы мовы, але валодаючы выключным музычным слыхам, усім сэрцам моцным прыгожым голасам спяваў па-беларуску. Потым пачалі скакаць усе астатнія парамі, тройкамі, паасобку пад жартаўлівыя спевы “Я цяцерку пасу на зялёным лугу”.

Самыя смелыя дабраліся да чыстае вады вадасховішча і пад поўняю, што паціху ішла ўжо на скон, пасылаючы сваё таямнічае святло скрозь галіны дрэваў, кінуліся ў ваду, каб ачысціць сябе вадою ад бруду, хваробаў, усяго ліхога, як і належыць на Купалле.

Тым часам Пётра Рыжы пад наглядам Валі Якімовіч зварыў крупнік на 27 травах і мёдзе з гарэлкаю, духмяны пах якога прывабіў усіх. З кубачкамі ўсе пацягнуліся да цудадзейнага лекавага напою, які некаторых настроіў на філасофскі лад, а сяго-таго на рамантычны. Расселіся вакол ужо дагараючага вагню, які старанна падтрымлівалі ўвесь час. Тут Сяржук Сокалаў-Воюш узяў у рукі гітару і заспяваў цэлы шэраг сваіх новых і старых рамантычна-патрыятычных песен. Песьні змяняліся размовамі, жартамі, смехам.

Праз шэры туман з-за лесу паціху выкатваўся чырвоны вогнены шар сонца. Прачнуліся птушкі, лес напоўніўся новымі спевамі. У попеле дагарэўшага вогнішча пяклася бульба. Агульнае сяброўскае застолле завяршыла абрад.

Дарэчы, надвор’е спрыяла нам. Стаяла прыемная прахалода. Абяцаны дождж распачаўся толькі апаўдні. Але і тады ад’яжджаць не хацелася. Застаецца толькі пашкадаваць тых, хто знайшоў сабе прычыну, каб не паехаць на Купалле.

Паводле газеты “Беларус” (ліпень, 2008)