Дні беларускай культуры ў Вентспілсе (Латвія)

З 4  па 6 ліпеня ў  Вентспілсе ўжо ў чацвёрты раз праходзілі Дні беларускай культуры «Ад Ліга да Купалы», якія ладзіць вентспілскае беларускае таварыства  «Спадчына» пры фінансавай падтрымцы Вентспілскай гарадской думы і фандатарскай дапамозе прадпрыемстваў “Вентспілскі гандлёвы порт”, Латвійскае параходства, “Вентспілс нафта” тэрміналс, “SZMA V”, “Вентамоньякс сэрвісс”, “Венцеб”, DCM Montaža, SIA  Tandem”, SIA Eva”.

 

Упершыню ў Вентспілcе адсвяткавалі Купалле чатыры гады назад, калі ў горадзе на самым беразе Балтыйскага мора праходзілі Дні беларускай культуры. З таго часу Дні беларускай культуры ў прыморскім горадзе-курорце  сталі  традыцыйнымі і свята, якое ладзіць мясцвая беларуская суполка, стала агульнагарадскім. А ў мінулым годзе Дні беларускай культуры ў Вентспілсе выліліся ў міжнародны міні-фестываль беларускай музыкі і песні. Свята сабрала рэкордную колькасць гледачоў і ўдзельнікаў. 150 гасцей з Беларусі, Латвіі , Эстоніі прыехалі ў горад на ўзбярэжжа Балтыкі на цяпер ужо традыцыйныя Дні беларускай культуры “Ад Ліга да Купалы”.

 

Вось і сёлета тры дні   Вентспілс жыў  пад знакам беларускай культуры.

 

4 ліпеня ў 17.00 у Доме рамёслаў адчынілася выстава прац беларускіх майстроў. У экспазіцыі выставы – беларускія абрусы, рушнікі і паясы,  вязаныя і вышываныя вырабы; кераміка, саломка, разьба па дрэву, упрыгожванні з бісера. Свае працы  дэманстравалі Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі, Полацкі цэнтр рамёслаў і Дом рамёслаў Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці. Выстава экспанавалася ў Доме рамёслаў з 4 па 6 ліпеня.

 

Вентспілсчане ўжо знаёмы з багатым і самабытным музычным, выканаўчым, фальклорным мастацтвам суседзей-беларусаў. У гэтым годзе гасцямі фестывалю беларускай культуры сталі народныя калектывы «Вербіца» з Мінска, «Гульбічы» з Віцебскай вобласці, ужо знаёмая вентспілсчанам «Жытніца» з Магілёўскай вобласці, якія пазнаёмяць жыхароў і гасцей Вентспілса з тымі купальскімі традыцыямі і звычаямі Купалля, якія да сённяшніх дзён захаваліся на Беларусі.

 

Адбылася незвычайная  сустрэча гледачоў з  Заслужаным аматарскім  калектывам Рэспублікі Беларусь – тэатрам танца “Прэм’ер-Спанайд”  Палаца  культуры Полацкага ААТ «Полацк-Шкловалакно.

 

Паводле “Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”