Гэта структурнае падраздзяленне беларускай амбасады, якое павінна займацца прэзентацыяй і прапагандай беларускай культуры ў Польшчы.
На прэзентацыю цэнтра, якая праходзіла ў Ваяводскім асяродку анімацыі і культуры, сабралася больш сотні чалавек. Актывісты Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы, супрацоўнікі беларускай амбасады з Варшавы, генконсульства ў Беластоку, і проста цікаўныя.
Спачатку ўдзельнікаў прэзентацыі забаўлялі калектывы з Падляшша “Прымакі” і з Мінску “Бяседа”.
Афіцыйна ж адкрыццё цэнтра прэзентавалі яго кіраўнік Тадэвуш Стружэцкі, амабасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка, генеральны консул у Беластоку Міхал Аляксейчык, а таксама кіраўнікі ўправаў культуры Гарадзенскай і Берасцейскай абласцей. Павал Латушка так патлумачыў мэты гэтай установы: “Гэта першая культурная ўстанова Беларусі па-за межамі нашай краіны, і я цешуся з таго факту, што яна адкрываецца ў Польшчы. Бо з Польшчай беларускую культуру звязвае шмат чаго ў мінулым, у сённяшнім, і я ўпэўнены, што і ў будучыні. Нам падаецца, што цэнтр павінен рэалізоўваць толькі адну мэту, якая складаецца з трох частак. Першае – гэта прадстаўляць багацце беларускай культуры. Па-другое – дапамагаць разьвіццю беларуска-польскага культурнага супрацоўніцтва, і трэцяе дапамагаць развіццю беларускай меншасці, што жыве ў Польшчы. Дзякуючы супрацоўніцтву ў сферы культуры мы зможам будаваць лепшыя ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі”.
Генконсул Беларусі Міхал Аляксейчык лічыць, што праз культуру лягчэй зразумець і палітыку: “Дзякуючы нашаму ўраду цяпер у Польшчы паўстане першая ў сьвеце такая беларуская ўстанова. Будуць у гэтай установе працаваць дыпламаты. Будуць прадстаўленыя ня толькі беларускія народныя калектывы алі і аркестры і тэатры. Праз культуры мы пазнаем адзін аднога, і праз яе лягчэй пазнаць і палітыку”.
А віцэ-мэр Беластоку Аляксандр Сасна гаворыць, пра неабходнасць такой установы для беларусаў Падляшша: “Беларусы ў Беластоку былі, ёсць і будуць. І цэнтр павінен ім дапамагчы, каб пра беларусаў тут было чуваць. Каб беларусаў разумелі, як суседзяў, з якімі трэба сябраваць”.
Не выключана, што такія жа беларускія цэнтры будуць адкрытыя і ў іншых краінах.
Паводле “Радыё Рацыя”