“Выхадам польскага выдання анталогіі беларускай паэзіі XV-XX стагоддзяў “Не хіліў галаву перад сілай” на пэўным этапе польска-беларускіх літаратурных адносінаў ставіцца кропка”, - лічыць адзін з укладальнікаў выдання, віцэ-прэзідэнт польскага ПЭН-клубу Адам Паморскі.
У Беластоку прайшла прэзентацыя гэтай кнігі. У рамках прамацыйнага туру сталіцу Падляшша наведалі беларускія літаратары Лявон Баршчэўскі, Уладзімір Някляеў і Уладзімір Арлоў.
Прэзентацыя анталогіі беларускай паэзіі, якая прайшла ў чытальнай залі ваяводскай бібліятэкі, сабрала некалькі дзесяткаў чалавек, пераважна навукоўцаў і дзеячоў арганізацыяў беларускай нацыянальнай меншасці на Падляшшы. Яна была арганізаваная Радыё Рацыя і тыднёвікам беларусаў у Польшчы “Ніва”.
У гэтае грунтоўнае выданне ўвайшлі лепшыя вершы лепшых паэтаў, якія былі створаныя на зямлі сучаснай Беларусі цягам пяцісот гадоў. Вершы аўтараў, пісаныя па-беларуску, на лаціне і па-польску ў XV- ХIX стагоддзях віцэ-прэзідэнт польскага ПЭН-клубу Адам Паморскі прапанаваў акрэсліваць літаратурай беларускай традыцыі і супольным набыткам абодвух народаў старой Рэчы Паспалітай – беларускага і польскага. Галоўная ж задача гэтага выдання – азнаёміць польскага чытача з літаратурай беларусаў, пра якую ён часам мае вельмі цьмянае ўяўленне. Гаворыць Адам Паморскі:
- Цягам апошніх 20 гадоў выканалі мы вялікую працу ў справе вяртання ўласцівай прапорцыі ўзаемных польска-беларускіх літаратурных адносінаў. Не першы раз на гэтай тэрыторыі абрынаюцца імперыі, і стаіць перад намі адное і тое ж пытанне – як гэтыя народы павінны суіснаваць і разумець адзін аднаго.
Уклалі анталогію Лявон Баршчэўскі з беларускага боку, а з польскага - Адам Паморскі і вялікая група перакладчыкаў. Лявон Баршчэўскі апавёў, як рыхтаваўся гэты літаратурны праект:
- Праца пачалася даволі даўно. У маіх планах гэта было два гады таму. А калі мінулай восенню падключыўся Адам Паморскі, то гэтая праца набыла канчатковы кшталт.Акрамя вялікай анталогіі, група перакладчыкаў таксама выпусцілі да яе два дадаткі – зборнік маладых беларускіх паэтаў і тых аўтараў ,якія не ўвайші ў вялікую анталогію.
У часе прэзентацыі беларуская паэзія гучала на дзвюх мовах.
Паэт Уладзімір Някляеў лічыць, што Беларусь можа імпартаваць толькі адзін канкурэнтназдольны прадукт – уласную культуру:
- Усё, што сёння прадукуе Беларусь, трактары МАЗы, які не зрабі нямецкі трактар - усё адно будзе лепшы, а тэлевізар японскі. Адзінае, чым мы можам быць цікавымі, гэта культурнымі здабыткамі.
Пісьменнік Уладзімір Арлоў мяркуе, што выхад анталогіі дапаможа польскаму чытачу адкрыць для сябе Беларусь і яе літаратуру:- У стасунках Беларусі і Польшчы мы маем не самы вясёлы парадокс. Калі такія блізкія суседзі ў гісторыі і прасторы так няшмат ведаюць адзін пра аднога. Таму гэтыя сустрэчы, гэты вялікі прамацыйны тур ёсць сваеасаблівым прарывам у нашых літаратурных кантактах.
У Падляшскай ваяводскай бібліятэцы таксама былі прэзентаваныя перакладзеныя на польскую кнігі Уладзіміра Арлова “Каханак яе вялікасці” і Андрэя Хадановіча “Свята новы год”. У рамках прамацыйнага туру, арганізаванага польскім ПЭН-клубам, прэзентацыя анталогіі беларускай паэзіі таксама прайшла ў Варшаве. На чарзе Ольштын, Гданьск, Познань і Уроцлаў.
Паводле “Радыё Рацыя”