Кангрэс ECPM у Бруселі

11 чэрвеня 2008 году ў сталіцы Бельгіі праходзіў чарговы штогадовы Кангрэс ECPM (Еўрапейскага Хрысціянскага Палітычнага Руху). Еўрапейскі Хрысціянскі Палітычны Рух паўстаў ва ўмовах паступовага адыходу значнае часткі палітычных сілаў хрысціянска-дэмакратычнага накірунку ў Еўропе ад хрысціянскіх прынцыпаў. У паседжанні Кангрэсу бралі ўдзел прадстаўнікі дзвюх беларускіх палітычных арганізацыяў. Партыя Беларускае Хрысціянскае Дэмакратыі ў 2007 годзе была прынятая ў склад ECPM. На Кангрэс была таксама запрошаная дэлегацыя Моладзевага Руху Беларускага Народнага Фронту «Маладое Адраджэнне», які прадстаўлялі яго старшыня Раман Кавальчук і каардынатар у Заходняй Еўропе Ігар Піменаў які ёсць адказны за працу маладзёвай суполкі Беларуска – Еўрапейскага Задзіночання ў Бельгіі.Асноўнай тэмай, якая абмяркоўвалася падчас Кангрэсу, быў тэкст праекту новых правілаў рэгулявання Еўразвязу – Лісабонскага трактату, які быў распрацаваны на падставе папярэдняга праекту Канстытуцыі Еўразвязу, адхіленага па выніках нацыянальных рэферэндумаў у Францыі і Нідэрландах. Перад удзельнікамі Кангрэсу выступіў Др. Сандэр Люйтвілер з нідэрландскага Універсітэту Эразмус у Ротэрдаму на тэму будучыні хрысціянскай палітыкі і яе месца ў новым закладальным дакументу Еўразвязу. Да ўвагі дэлегатаў былі прэзентаваныя даклад пра ролю хрысціянаў на палітычнай сцэне і прапановы прыарытэтаў для сямейнай палітыкі з хрысціянска-сацыяльнай перспектывы. На канферэнцыі таксама выступаў бельгійскі прафесар Эміле Ванбэкевоорт з Інстытуту Міжнародных Бізнэсовых Стасункаў пры Універсітэту Штайнбайс у Берліне. Ён тлумачыў сутнасць перавагі сучасных тэхналогіяў у палітычнай канкурэнцыі і звярнуўся да дэлегатаў Кангрэсу з парадай улічыць новыя метады прыцягнення прыхільнікаў хрысціянскіх каштоўнасцяў да палітычнай актыўнасці дзеля абароны і пашырэння сваіх правоў. Напярэдадні выбараў у Еўрапарламент, якія маюць адбыцца ў 2009 годзе, вельмі важна асэнсаваць адказнасць Еўрапейскага Хрысціянскага Палітычнага Руху за ажыццяўленне прынцыпаў хрысціянскай палітыкі ва ўмовах яе маргіналізацыі ў дзеяннях вялікіх і ўплывовых палітычных партыяў, якія носяць назву хрысціянска-дэмакратычных, але абапіраюцца ў сваёй палітыцы ў бальшыні выключна на прынцыпы вольнага рынку і сэкулярнага ліберальнага разумення правоў чалавека. У звязку з гэтым, быў абмеркаваны і зацверджаны дэлегатамі Кангрэсу праект палітычнае платформы ECPM пад назвай «Хрысціянска-дэмакратычны голас у Еўрапейскім Звязе».Паводле БЭС